КАЛІ ПРЫЗВАННЕ ТВАЁ — НАСТАЎНІК


За тыдзень да навучальнага года ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла пашыраная нарада педагогаў раёна. Святочнасці мерапрыемству надавала і такая акалічнасць, як збор дэлегацый са школ і дзіцячых садкоў. У асноўным гэтыя калектывы прадстаўлены настаўніцай-жанчынай, што давала магчымасць назіраць і дэфіле ў адзенні. Ды і мужчыны-педагогі на канферэнцыі таксама дэманстравалі сваю імпазантнасць. Так бы мовіць, падзея таго патрабавала.
У фае цэнтра ладзіўся шырокі продаж тавараў сувенірнай і бакалейнай накіраванасці. На другім паверсе – выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут жа можна было атрымаць і майстар-клас па вырабу экспанатаў, якія выклікалі інтарэс. Нельга не адзначыць, што выціканкі першай гарадской, вырабы з газет, прадастаўленыя дзіцячым садком аграгарадка Папоўка, вывелі на думку: пры жаданні можна здзівіць, лічы, элементарным. Не хачу кагосьці з удзельнікаў выставы выдзеліць, бо ўсе падзелкі былі вартымі ўвагі. І яшчэ: у кожнага свой густ.
Канферэнцыя пачалася з выканання Дзяржаўнага гімна. У зале апроч настаўніцтва кіраўніцтва раёна, адказныя спецыялісты райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, шэфы педустаноў, ветэраны педпрацы.
Вядучая М. Г. Жураўлёва, дырэктар цэнтра дзіцячай творчасці і В. М. Еўдакіменка, настаўнік Васькавіцкай школы віншуюць сваіх калег з Днём ведаў і пачаткам навучальнага года.
Віншаванне кіраўніка раёна У. П. Даніленкі падмацавана было захадамі, якія прадпрыняў раён для падрыхтоўкі сістэмы адукацыі да новага навучальнага года. 969 мільёнаў выдзеліў бюджэт на гэтыя мэты. Прагучалі ў выступленні і канцэптуальныя задачы, над вырашэннем якіх прадстаіць працаваць педагогам у наступаючым навучальным годзе. Адзначалася і такая палітычная падзея як выбары ў беларускі парламент, падчас якой настаўніцтва раёна павінна годна заявіць пра сваю пазіцыю. Моладзь сёння патрабуе такога настаўніка, які быў бы аўтарытэтам, які б змог у многіх жыццёвых сітуацыях разабрацца і дапамагчы знайсці сваё месца ў грамадстве. Кіраўнік раёна прааналізаваў вынікі паспяховасці мінулага года, падкрэсліў здаровыя тэндэнцыі, якія трывала замацоўваюцца ў сістэме адукацыі, шэрагу педагогаў уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і Міністэрства адукацыі.
Ад абласнога ўпраўлення адукацыі ў рабоце канферэнцыі прымала ўдзел вядучы спецыяліст упраўлення А. В. Клімянкова. Алена Валер’еўна пазнаёміла аўдыторыю з навацыямі, якія будуць уведзены ў навучальным годзе, узнагародзіла шэраг педагогаў раёна граматамі абласнога ўпраўлення.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама А. Л. Аўчыннікаў у сваім выступленні падвёў вынікі мінулага навучальнага года. Зазначыў пры гэтым, што вырасла ў працэнтных суадносінах паспяховасць вучняў, кваліфікацыйная падрыхтаванасць педагогаў. Галоўны настаўнік раёна саарыентаваў сваіх калег на плённую працу, на больш актыўную работу з бацькамі вучняў, павіншаваў усіх з Днём ведаў, з пачаткам новай дарогі пад назвай навучальны год. Зазначу, што перад гэтым кіраўнік раёна ў рамках Года кнігі падарыў начальніку аддзела адукацыі двухтомнік Чырвонай Кнігі. Выказаўшы значэнне кнігі ў сваім жыцці, заклікаў педагогаў вучыць вучняў працаваць з кнігай.
А. Л. Аўчыннікаў падзякаваў за цудоўны падарунак, якім будуць карыстацца ўсе школы раёна. Затым сваім калегам-наватарам уручыў граматы аддзела адукацыі.
Шмат педканферэнцый прайшлі на маім жыцці, кожная з іх пакідала свой след. Гэтая канферэнцыя запомніцца і такім, на першы погляд манатонным, блокам, як абмен вопытам. Ведаеце, раней больш тэорыі ўдзялялі ўвагі выступоўцы, на гэты раз цікавыя выступленні выклікалі зацікаўленасць, бо пранізаны былі канкрэтным матэрыялам з урока, які ладзілі: І. М. Флёрык, настаўніца з Васькавіцкай школы; Л. В. Міронава, настаўніца з першай гарадской; выступленне ж загадчыцы садка №1 Т. Ф. Кісялёвай, упэўнена, у калег выклікала толькі здаровыя эмоцыі.
Не праміну адзначыць і такую акалічнасць: усе выступленні на сцэне суправаджаліся слайдамі, што падмацоўвала эмацыйнае ўздзеянне і надавала настрою.
Кульмінацыяй канферэнцыі стала ўшаноўванне ветэранаў педпрацы, якія шмат год адпрацавалі ў сістэме адукацыі. Ім гучалі апладысменты, ім дарылі сувеніры. Ад імя ветэранаў выступіла Л. І. Кохан, настаўніца першай гарадской. І яе наказ маладым быў такім: праз прызму любові фарміраваць свае адносіны да вучня.
І яшчэ з разраду прыемных штрыхаў канферэнцыі: прыём маладых педагогаў у свае шэрагі. Сёлета 8 педагогаў прыбылі ў раён. Іх прывіталі старшыня райсавета дэпутатаў Т. П. Кананчук і начальнік аддзела моладзі райвыканкама Ю. А. Данянкоў. Ад імя “Белай Русі” Таццяна Пятроўна ўручыла маладым педагогам сувеніры.
Юныя слаўгарадчане праз вершаваны радок выказалі агульны настрой: “настаўнік любімы, збірайся ў доўгі шлях пад назвай навучальны год”.
А затым было дзейства, ад якога сэрца не магло не напоўніцца цеплынёй – канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі цэнтра дзіцячай творчасці. Кранулі за жывое, парадавалі на майстэрства юнакі і дзяўчынкі як пры выкананні песень, так і танцавальных кампазіцый. Шчырыя апладысменты ў адрас кожнага нумара – доказ таго, што гэта не толькі асабістае меркаванне аўтара нататкаў.
Канферэнцыя закончыла сваю работу як і пачыналася – з Дзяржаўнага гімна.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий