Як тое сонейка – сагравае…

Пра Еву Сяргееўну Разганаву, жыхарку вёскі Прудок, якой на Пакравы спаўняецца 86 год, хочацца ўжываць толькі цёплыя і прыветныя эпітэты. Яе падворак – сапраўдны аазіс. Як у плане дагледжанасці дома, дзе драўляныя карункі – паўсюдны атрыбут, так і прылягаючай тэрыторыі. А што да кветак, дык тут сапраўдны калейдаскоп колераў.
У гэтай вёсцы жывуць і маладыя людзі, але ж ля падворка Евы Сяргееўны – квецень. Нехта скажа: дзеці ёй добрыя памочнікі. І будзе мець рацыю пры гэтым. Але ж пяцярых сваіх крывінак трэба ж было так выхаваць, каб па першаму поклічу, а то і без яго – яны да матулі ляцяць, як тыя птушкі ў цёплы вырай.
Ева Сяргееўна інвалід першай групы. Але ж пры зносінах з ёй гэтага не заўважаеш. Строгая пастаноўка голаса, якая мяжуе з камандзірскім, толькі на першы момант “цвярозіць” на адносіны. А затым, калі яна чытае вершаваныя радкі пра матуліна сэрца, якое трывае за кожнага свайго дзіцяці, дыяметральна змяняеш свае погляды на жанчыну, якой прыйшлося вельмі несалодка. Больш за 25 год як няма поруч з сям’ёй яе Івана, але памяць пра яго захоўваецца такім чынам, нібыта ён пайшоў у іншы свет учора. Пра сваіх бацькоў – гэтак жа. А калі пра дзяцей гаворка заходзіць, то тут ужо спыну наўрад ці будзе. Любіць яна іх, любіць па-свойму, мацярынску, як умее любіць толькі яна. Дзіву даваліся чысціні ў доме, таму, што кожная рэч у ім мае сваё месца. Складваецца ўражанне, што такую стэрыльнасць тут навялі з выпадку. Але ж гэта далёка не так. Гэта – норма, якую руплівіца вядзе па жыцці і якую перадала сваім дзецям, унукам.
І яшчэ адна адметнасць, пра якую не праміну адзначыць – Ева Сяргееўна вельмі і вельмі гасцінны чалавек. Яна радыя кожнаму, хто да яе завітае. І пры гэтым дасць жыццёвую параду. І калі ты дайшоў розумам успрыняць яе – лічы што тваё жыццё набудзе новыя фарбы, дзе месца не будзе нават паўтанам цёмнага колеру. Вось такая прыгожая сваім жыццём і сваімі нашчадкамі жанчына пражывае ў Прудку.
Хочацца пажадаць Еве Сяргееўне толькі аднаго – Боскай пяшчоты да жанчыны і матулі, якая з’яўляецца стрыжнем вялікай і дружнай сям’і Разганавых.

Добавить комментарий