Штрыхі засталіся…

Хутка халады. Як падрыхтаваліся аб’екты народнай гаспадаркі раёна да таго, каб абслугоўваемыя імі аб’екты не мелі дыскамфорту ні ў цяпле, ні ў водазабеспячэнні, ці ў іншых выгодах кожнага дня — пра гэта дэталёвым чынам ішла размова на пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося на бягучым тыдні ў сераду. У рабоце выканкама прымаў удзел намеснік начальніка аддзела энергетыкі, паліва і энергазабеспячэння аблвыканкама Д. У. Смірноў.
Кіраўнік раёна У. П. Даніленка напачатку настроіў на сур’ёзнасць размовы, якая менш за ўсё павінна насіць характар лакіроўкі, а больш — засяроджвання ўвагі на недапрацоўках, на актывізацыі захадаў па іх ухіленню.
З аналізам па сітуацыі на дзень правядзення выканкама выступіла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Н. П. Брылёва. Апошнім часам яна курыруе і будаўнічую сферу. Як вынікала з даклада, апошнія штрыхі засталіся пры падрыхтоўцы да зімовага перыяда. І ў большай ступені гэтае становішча спраў назіраецца ва УКП “Жылкамгасе”. Вось таму доказ: на 23 з 26 кацельных выкананы прафілактычныя рамонты; выпрабаваны 51 кацёл з 54; з 20 цеплапунктаў 18 гатовыя да работы і г.д.
Што датычыцца сацыяльнай сферы, у прыватнасці ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, райпа, то тут усе цеплакрыніцы забяспечаны палівам, установы культуры — на 83,5 працэнта. Актыўным чынам вядзецца падрыхтоўка да зімоўкі ў сельгасарганізацыях. Але, як зазначыла выступаючая, не ўсюды. У прыватнасці гаварылася, што калі ў СВК “17 партз’езд” назіраецца заключная стадыя падрыхтоўкі, то пра СВК “Заранскі” гэтага не скажаш. З 1 кастрычніка пачынаецца стойлавае ўтрыманне жывёлы і трэба прыспешыць з падрыхтоўкай фермаў. Як зазначыў пры гэтым кіраўнік раёна, сур’ёзных праблем для заканчэння ўсіх відаў работ на фермах ён не бачыць, бо трэба разумна арганізаваць гэты працэс і пастаянна адсочваць ягоную выніковасць.
На крытычныя заўвагі, якія прагучалі ў дакладзе, трымалі справаздачы: дырэктар УКП “Жылкамгас” С. В. Байкоў; намеснік начальніка райсельгасхарчу М. С. Тарасёнак; Л. М. Шайкоў – начальнік жыллёва-камунальнага аддзела райвыканкама.
Д. У. Смірноў у сваім выступленні зазначыў, што канструктыўная размова, якая разгарнулася на выканкаме па вышэйакрэсленаму пытанню, дае падставы меркаваць, што зімовы перыяд у Слаўгарадскім раёне пройдзе без нейкіх там эксцэсаў, звязаных з арганізацыйнай работай на аб’ектах народнай гаспадаркі.
Кіраўнік раёна прапанаваў шэраг дапаўненняў у праект рашэння, з тым, каб выключыць усялякае прамаруджванне з выпраўленнем “штрыхоў”.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий