Чаму не працуе ланцуг адказнасці?

На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло пад старшынствам кіраўніка раёна У.П. Даніленкі ў сераду бягучага тыдня, на павестку дня выносілася 22 пытанні з жыцця раёна. Кожнае з іх займела сваё вырашэнне.
У рабоце выканкама браў удзел старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шпакоўскі. Гэткая прысутнасць тлумачылася, па-першае, тым, што Генадзь Фрыдрыхавіч курыруе наш раён ад абласной выканаўчай улады; па-другое, пытанне, вынесенае на павестку дня першым, датычылася вынікаў работы народнай гаспадаркі раёна за 9 месяцаў.
Як зазначыў У.П. Даніленка адносна вынікаў, у цэлым народна-гаспадарчы комплекс раёна спрацаваў за гэты перыяд здавальняюча, але ж пры адрасным аналізе гэтых здабыткаў бачна, хто выкладаўся па поўнай праграме, а хто занесены ў разрад “слабога звяна”. Пра гэтую палярнасць вытворчых здабыткаў падрабязна паведаміла ў дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Н.П. Брылёва. Што характэрна, кожная сфера народнай гаспадаркі была разгледжана праз гэтую прызму.
Як прагучала, сельгаспрадпрыемствы раёна на 2,5 тысячы тон больш намалацілі сёлета зерня, але ж пры гэтым толькі СВК “Прывольны” плюсануў больш чым на тысячу тон, а “Жалезінскі”, напрыклад, займеў зерневую валоўку ў межах 80 працэнтаў. Гэтак і з малаком. Рэалізацыя яго па раёну за 9 месяцаў склала 103,4 працэнта, але ж у СВК “Жалезінскі”, “Заранскі”, “Наша Радзіма” знізілі продаж малака на 6,5; 4 і 1,9 працэнта адпаведна. Таварнасць за гэты перыяд у сярэднім па раёну склала 81,9 працэнта, што на 2,7 працэнта вышэй мінулагодняга, але ж заданне аблвыканкама мець гэты паказчык на ўзроўні 90 працэнтаў выканаў толькі СВК “17 партз’езд”. Сярэдняя тлустасць малака па раёну складае 3,64, а ў СВК “Калгас “40 год Кастрычніка” яна ніжэйшая. З-за нізкай тлустасці, а таксама нізкай гатунковасці малака гаспадаркі не дабралі 2,1 мільярда рублёў. Вось дзе рэзерв, які залежыць напрамую ад чалавечага фактару.
Асноўным паказчыкам, які адлюстроўвае эфектыўнасць работы арганізацый, з’яўляецца выручка на аднаго працуючага. Тут задзейнічаны не толькі аб’ёмы прадукцыі, а і яе якасныя параметры. У сярэднім па раёну гэты паказчык складае 79 мільёнаў рублёў, а ў “17 партз’езд” – 104,4, “Прывольны” – 102,7, “Лясная” – 87,6, “Зімніца” – 81,1, “Прысожжа” – 61,8, “Заранскі” – 65,6 і г.д. Як бачна, каментарый зрабіць нескладана адносна арганізацыі працы, якая напрамую залежыць ад кіруючага склада сельгаспрадпрыемстваў. Кіраўнік раёна, рэзюмуючы па выступленню Н.П. Брылёвай, зрэшты, задаваў кіруючаму эшалону раёна рытарычнае пытанне: калі ж ланцуг адказнасці запрацуе на ўсіх узроўнях?
Крытычныя заўвагі, якія прагучалі па росту заробка, гэтаксама ўспрымаліся як несамамэта павышэння яго, а як стварэнне належнай базы для яго росту.
Справаздачы старшынь сельгаспадарак, да якіх прагучалі прэтэнзіі, не заслухоўваліся, бо зусім нядаўна (напачатку кастрычніка) прайшоў райвыканкам, дзе на выпраўленне сітуацыі ў сельгасгаліне адведзены тэрмін да 1 лістапада.
Справаздачы трымалі: начальнік МПМК-274 С.У. Прачуханаў; дырэктар райпалівазбыту М.А. Прачуханаў; начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму С.Н. Кудлаеў; дырэктар ДЮСШ І.І. Езерскі; галоўны ветурач раёна В.В. Штылёў і г.д.
Г.Ф. Шпакоўскі акцэнтаваў увагу на выкананні заданняў па другаснай сыравіне, энергазберажэнню, росту заробка. Зазначыў і такі момант: настаў час, калі на рабочым месцы толькі лічыцца недаравальна, яго трэба адпрацоўваць, як таго патрабуюць функцыянальныя абавязкі.
Затым было прынята рашэнне райвыканкама, якое карэкціравалася ў залежнасці ад запэўніванняў кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія крытыкаваліся на выканкаме.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий