Да жанчын-маці – з прызнаннем


Свята маці ў нашым раёне праводзіцца традыцыйна шырока лічы кожнай культустановай. А што датычыцца працоўных калектываў, то там гэтаксама наладжваюцца ўрачыстасці з гэтай нагоды.
Кульмінацыяй жа становіцца мерапрыемства, якое праходзіць у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У мінулую пятніцу сюды былі запрошаны жанчыны, якіх смела можна назваць эталонам мацярынства. Яны былі з розных сфер працы, але ў адным былі падобныя – гэтыя матулі жывуць сям’ёй і не спыніліся на мінімуме нашчадкаў, як гэта зараз робяць многія.
За “салодкімі” сталамі праходзіла сустрэча, роднасная перадачы “Ад усёй душы”. Вядучыя Наталля Гутарава і Яўген Аношка, работнікі раённага цэнтра культуры, з самага пачатку настройвалі на святочнасць, пасылаючы ў адрас матуль шчырыя словы прызнанняў.
Затым ад імя раённай улады прысутных прывітала намеснік старшыні райвыканкама С.А. Езерская. Як яна зазначыла, роля жанчыны ў нашым грамадстве вызначальная і гэтую адказнасць жанчыны выконваюць з годнасцю. На лёс некаторых з прысутных выпалі цяжкія выпрабаванні – у сям’і выхоўваецца дзіцяці-інвалід, але ж ад гэтага яны не сталі жорсткімі, каб супрацьстаяць выпрабаванням. Наадварот, яны, здавалася, змаглі б сваёй цеплынёй ахапіць увесь свет.
Вядучыя пра кожную жанчыну распавялі ў мажорным ладзе. Ветэраны працы В.І. Еўдакіменка і Н.М. Фаміна апроч таго, што шмат год адпрацавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі, да таго ж і ў дзецях не спыніліся на адным. Першая з іх выхавала разам з мужам траіх, другая – шасцёра. Апладысментамі віталі ветэранаў працы, С.А. Езерская ўручыла ім падарункі, а самадзейныя артысты цэнтра культуры прысвячалі кожнай з гераінь свята песню.
Віншавалі з Днём маці сабраўшыхся і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Г.М. Мошына, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа М.У. Даніленка. Марыя Уладзіміраўна гэтаксама ўручыла двум матулям падарункі ад раённай арганізацыі. Словы прызнанняў выказалі таксама: начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.М. Шаўцова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў і іншых; галоўны рэдактар раёнкі В.У. Езерская.
Сярод прысутных на свяце і ўшанаваных словам і падарункам былі: Г.М. Кірыёнак, матуля 3-х дзяцей, адзін з якіх прайшоў ваеннымі дарогамі Афганістана, і жанчыны-кіраўнікі: В. І. Бычык, упраўляючы банкаўскага цэнтра “Белаграпрамбанк”, і галоўны ўрач раёна А.М. Аксёнава, якая зусім нядаўна нарадзіла сына і зараз знаходзіцца ў адпачынку па ягонаму выхаванню.
Перадавік вытворчасці Л. У. Папова, якая працуе муляром-тынкоўшчыкам у МПМК-274 і сям’я якой мае статус шматдзетнай, таксама пад апладысменты прымала ў свой адрас віншаванні і падарункі.
Прыемна было назіраць, як матуля Насці Балабкінай, Алла Іванаўна, ганарылася за сваю дачку, якая названа ў ліку таленавітых дзяцей Слаўгарадчыны і якая спявала сваёй матулі прызнанне ў любові. Як, зрэшты, і ўсім, хто браў удзел у свяце.
Было нямала жанчын, якія носяць статус шматдзетных маці. І вельмі ўражваў той факт, што пры тым, што Н.А. Сярова і С.А. Паўлюкова нарадзілі па пяць дзяцей, але ж статнасці сваёй не згубілі. Як самі прызналіся, штодня прыходзіцца столькі “накалясіць” па хатніх справах, што трэнажоры іншыя адпачываюць у параўнанні з напругай.
С.І. Нікіценка і А.А. Мурачова — матулі шматдзетных сем’яў, праўда, па трое дзяцей выхоўваюць, але ж што датычыцца прыгажосці знешняй і ўнутранай – пазайздросціш. Хочаш – не хочаш, а паверыш у тое, што з кожным дзіцяці матуля ад Бога атрымоўвае па поўнай праграме прыгажосці.
Асобныя словы падзякі гучалі ў адрас жанчын, якія адчынілі свае сэрцы чужым дзецям і сёння яны сталі ім роднымі. Была тут і В.І. Сопелева, менеджар фірмы “Арыфлэйм”, якая дапамагае жанчынам праз касметычныя захады захоўваць маладосць; Н.У. Хуртак, парады якой як валеолага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі заўсёды карысныя ў сэнсе здаровага ладу жыцця.
Кожная з жанчын была атулена ўвагай. Здавалася, слоў ужо не хопіць, каб кожнай адрасаваць свае прызнанні. Але ж знаходзіліся. І ўсё таму, што матулі былі вартыя іх, ніякіх “нацяжак” не прыходзілася прымяняць. Усё ішло ад сэрцаў людзей, якія прыйшлі на сустрэчу з матулямі высокага гарту. І атрымалі ад гэтага нямала прыкладаў сямейнага ладу.
Арганізатарам сустрэчы выступіў райвыканкам, наладзілі свята раённы цэнтр сацабслугоўвання і раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара

Добавить комментарий