“Лепшы ветэранскі падворак”


У вёсцы Лецягі пражывае цікавая жанчына, імя якой звязана з такім гістарычным мінулым як абраз “Неополимая купина”. У гады вайны Таццяне САЗОНАВАЙ было 14 год і яна памятае, як гэты абраз выратаваў вёску ад спальвання, якое немцы пакідалі пасля сябе. Сёння Таццяна Сяргееўна, маючы на сваім вяку 86-ы год жыцця, з’яўляецца захавальніцай гэтага абраза, штогод наладжвае разам са святаром Георгіем шэсце з абразам вакол вёскі.
Вызначаецца гэтая жанчына і сваімі дзецьмі – чатырма дачкамі. Усе яны жывуць у горадзе Магілёў, але кожны тыдзень прыязджаюць да матулі, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы. А гаспадарка ўжо такая, што толькі пасадзіць—убраць, дый ля дома ўтрымліваць парадак. А ён такі, што на зайздрасць вяскоўцам. Кветкі ля дома, чысціня ў хаце – гэта справа рук яе дачок. А калі завітаюць да бабулі 8 унукаў і 7 праўнукаў, то не бывае большай радасці для Таццяны Сяргееўны.
У вёсцы яна паважаны чалавек, сярод сваіх родных – аўтарытэт, а яшчэ яна вельмі прыгожы душой чалавек, да якога цягнуцца людзі – за парадай, за тым, каб пачуць гісторыю з абразамі, і проста, як кажуць, пагаварыць па душы.
Ужо 8 год як памёр яе спадарожнік жыцця, працавала шмат у сельскай гаспадарцы, але і сёння яна такая ж добразычлівая і прыветная, імкнецца жыць па прынцыпах праваслаўя і чалавечнасці. І той факт, што яе падворак вылучаны на раённы ветэранскі конкурс, хіба толькі добрае дапаўненне да сказанага вышэй.

Домаўладанне КІРАЁНАК Аляксея Дзмітрыевіча і Таццяны Пятроўны, якія жывуць у аграгарадку Лясная, па рашэнню старшыні Лапаціцкага сельвыканкама, занесены ў спіс прэтэндэнтаў на перамогу ў раённым конкурсе “Лепшы ветэранскі падворак”. І гэта апраўдана тым, што дом Кіраёнак заўсёды дагледжаны, а што датычыцца аздобы, то кветкі тут буяюць з ранняй вясны да позняй восені. І хаця абодвум ужо больш чым па 75 год, але ж, як ведаем, душа ад гэтага не старэе. Тым больш калі з маладосці былі схільныя да прыгожага. Таццяна Пятроўна больш за 40 год адпрацавала ў мясцовай медустанове, а яе муж – эканамістам у гаспадарцы. Яны выхавалі чацвёра дзяцей – тры з іх пражываюць у Віцебску, а дачка – у Лапацічах. На падворку ўжо няма жыўнасці, як было раней. Больш увагі сталі ўдзяляць кветкам і агароду. Прыемна прайсці ля дома Кіраёнак і палюбавацца на дагледжаны дом і прылягаючую да яго тэрыторыю. Па словах старшыні сельвыканкама, маладым гаспадарам ёсць чаму павучыцца ў ветэранаў працы. І ніякіх сакрэтаў у гэткай руплівасці няма. Проста па жыцці яны прывыклі ставіцца да ўсяго адказна, як і належыць сапраўдным гаспадарам.
В. ПРОНІНА.

Добавить комментарий