Канферэнцыя вызначыла прыярытэты

На бягучым тыдні на базе Магілеўскага ўніверсітэта імя Куляшова прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Наш раён на гэтай канферэнцыі быў прадстаўлены трыма дэлегатамі на чале са старшынёй раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Езерскай С.А., намеснікам старшыні райвыканкама.
На канферэнцыі падводзіліся вынікі работы абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” за 2007-2012 гады. Гэты перыяд дзейнасці аддзяленне ўзначальвала В.Ф. Мельнікава. Валянціна Фёдараўна падвяла вынікі работы за перыяд свайго кіравання фондам, выдзяляючы такую складаемую як работа структурных падраздзяленняў, без якой не было такіх істотных здабыткаў. І той факт, што за 5 год абласны Фонд міру прыцягнуў дабраахвотных ахвяраванняў у сумме 1,8 мільярда рублёў, што на 1,4 мільёна больш, чым за папярэднюю пяцігодку, таму доказ. І вось такая статыстыка прагучала ў дакладзе: за 9 месяцаў бягучага года па вобласці сабраныя ахвяраванні на аднаго жыхара складаюць 555,6 рубля, па нашаму раёну – 514,6 рубля. Дзейнасць Фонда міру вызначальная і тым, што 80 працэнтаў узносаў “ідуць” на раённыя міратворчыя і дабрачынныя мерапрыемствы. Напрыклад, у нашым раёне помнікі і абеліскі загінуўшым у гады Вялікай Айчынай вайны адрамантаваны і рамантуюцца менавіта на сродкі Фонда міру.
У выступленнях старшынь раённых аддзяленняў чырвонай ніткай прагучала такая думка: быць высока свядомым чалавекам, якому ідэі міра і міласэрнасці блізкія па духу, — вось той стрыжань, вакол якога патрэбна фарміраваць актыў гэтага грамадскага аб’яднання. Бо што можа быць каштоўней, чым мірнае неба і жаданне працаваць дзеля свайго дабрабыту.
Сёмая справаздачна-выбарная канферэнцыя прызнала работу абласнога аддзялення здавальняючай і даверыла В.Ф. Мельнікавай і далей весці за сабой міратворцаў вобласці. Фрагмент узнагароджвання актывістаў Фонда міру быў прыемным і для нашага раёна. Дзейнасць былога старшыні раённага аддзялення Фонда міру М.С. Міроненкі была адзначана падзякай і грашовай прэміяй.
В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий