Зімоўка — перыяд адказны


У мінулую суботу ў нашым раёне прайшоў абласны семінар на тэмы: нарошчвання вытворчасці і рэалізацыі малака ў зімова-стойлавы перыяд, падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў да работы ў зімовых умовах, выкарыстання адрасных камбікармоў. Семінар быў наладжаны пад патранатам намесніка старшыні аблвыканкама А.М. Ісачанкі з удзелам старшыні аблсельгасхарчу А.І. Чыкіды, ягонага намесніка А.Р. Маслака, іншых кіраўнікоў абласных структур, якія выконваюць абслугоўваючыя функцыі сельгаспрадпрыемстваў; старшынь райвыканкамаў, начальнікаў райсельгасхарчаў райвыканкамаў вобласці.
У аграгарадку Лясная адбылося першае знаёмства з нашым раёнам, а ў Доме культуры ўдзельнікі семінара пазнаёміліся праз інфармацыю кіраўніка раёна У.П. Даніленкі больш дэталёва пра справы Слаўгарадчыны. Наведванне сельгаскааператыва “Лясная” суправаджалася каментарыямі старшыні гаспадаркі А.М. Камарова аб вытворчасці і рэалізацыі малака ў стойлавы перыяд. З яго выступлення вынікала, што гаспадарка дасягае неблагіх вынікаў па малаку. Што датычыцца падрыхтоўкі фермаў да зімоўкі, то яе ацанілі са станоўчага боку.
У СВК “Прывольны” удзельнікі семінара пераканаліся ў перавазе выкарыстання адрасных камбікармоў у рацыёне дойнага статка. Пра эканамічную эфектыўнасць такога гаспадарання членам семінара паведаміла старшыня гаспадаркі Т.Р. Кухарава.
Затым адбылося незапланаванае семінарам мерапрыемства – выезд у адну з гаспадарак Быхаўскага раёна, якая мяжуе са Слаўгарадскім.
Вынікі семінара былі падведзены ў зале пасяджэнняў райвыканкама. З аналізам сітуацыі па тэмах семінара выступіў А.Р. Маслак, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама. Як прагучала, стойлавы перыяд, які пачаўся з 1 кастрычніка, выявіў як плюсы, так і мінусы ў пытаннях падрыхтоўкі да яго. На прыкладзе дзвюх гаспадарак нашага раёна можна было пераканацца ў тым, наколькі ўмовы ўтрымання і кармлення жывёлы ўплываюць на вынікі вытворчасці. Гучалі і прыклады адваротнага гаспадарання, якія адзначаліся спецыялістам у дакладзе. А той факт, што рацыёны кармлення павінны быць распрацаваны ў залежнасці ад прадуктыўнасці жывёлы, гэта ўжо справа ўчарашняга дня. Сёння гэты механізм гаспадарання не павінны разглядацца як нейкая навацыя, адрасныя камбікармы – гэта праца на вынік, за якім стаіць заможнасць гаспадаркі і яе працаўнікоў.
Вынікі семінара падвёў намеснік старшыні аблвыканкама А.М. Ісачанка.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий