Да 100-годдзя – 100 падзяк


У мінулую нядзелю аграгарадок Лясная ператварыўся ў цэнтр духоўнага адраджэння. На тое была падтрымка і Боскай канцылярыі: надвор’е — нібыта ранняя вясна перагарнула сваю старонку. Сонечна, цёпла і радасна.
У той дзень Свята-Пятра-Паўлаўскі храм адзначаў 100-годдзе асвячэння. Не буду спыняцца на гістарычным шляху ўзвядзення храма-помніка, пра гэта вы чыталі ў мінулым нумары раёнкі. А вось што ганенні і атэізацыя, якія былі ў савецкія часы, не змаглі цалкам выкараніць веру ва Усявышняга, у гэтым давялося пераканацца ў чарговы раз. Хаця, калі быць шчырымі, з распадам Саюза і набыццём Беларусі незалежнасці адносіны да рэлігіі і вернікаў складваюцца больш чым спрыяльна. І Лясная па колькасці вернікаў у нейкай ступені пацвярджала гэтую выснову. А што датычыцца асветніцкай літаратуры на рэлігійную тэматыку, буклетаў пра храм-помнік, абразоў і свечак, то ўсё гэта можна было набыць як непасрэдна ў храме, так і ў імправізаванай гандлёвай кропцы, размешчанай на падыходзе да галоўнага ўвахода ў храм. Што дазволіла, зрэшты, зняць напругу з набыццём той жа свечкі. А вось каб паставіць яе на падсвечнікі, то тут ужо прыходзілася чакаць. І гэта зноў-такі сведчыла: на свята царквы прыбыло шмат людзей.
У той дзень праваслаўныя хрысціяне святкавалі абраз Казанскай Боскай Маці. А, як ведаеце, гэтым абразам сустракае прыхаджан Ляснянская царква, што сімвалізуе сабой спакой душы ад таго, што ты знаходзішся пад ягонай абаронай.
Урачыстыя набажэнствы ўзначаліў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Літургія, якую правёў епіскап Сафроній з нагоды юбілейнай даты, пакінула свой след – на душы стала лёгка, а разуменне таго, што чалавек заўсёды знаходзіцца пад Боскай ласкай, умацоўвалася і растлумачэннямі прытчаў, якія распавёў святар, бо яны насілі павучальны характар. З іх вынікала, што толькі са шчырым сэрцам і светлымі думкамі можна займець Боскае бласлаўленне, а не матэрыяльным накапленнем, якім займаецца большасць з нас. Рухацца па жыцці, каб займець вечнае жыццё, пазбягаючы ада, трэба праз сілу духоўнага выхавання. Бо, зрэшты, царква заклікана выслабаніць чалавека ад граха і ада.
Уладыка Сафроній высока ацаніў справы протаіерэя Георгія і ўручыў яму царкоўную ўзнагароду – Крыж з упрыгожваннямі.
Цырымонія асвячэння юбілейнага Крыжа была з шэрагу запланаваных мерапрыемстваў. Крыж гэты ўстаноўлены ля храма і велічна ўзвышаецца да неба, нібыта дзякуючы Яго за такое цудоўнае свята.
Затым святкаванне працягвалася ў Ляснянскім сельскім Доме культуры. У фае была разгорнута тэматычная выстава, дзе было прадстаўлена шмат карыснай інфармацыі і радуючых вока вырабаў. У глядзельнай зале дэманстраваўся фільм, які дапамог многае асэнсаваць і займець падзяку за сённяшні дзень, у якім многія табу мінулага часу ўжо пайшлі ў нябыт, і сёння ты маеш права выбіраць і свой духоўны шлях.
Уладыка Сафроній выступіў перад прысутнымі са святочнай прамовай, падзякаваў арганізатараў за юбілейныя мерапрыемствы.
Ад раённай улады са словамі віншаванняў выступіла ўпраўляючы справамі райвыканкама В. М. Бялова.
Цырымонія ўручэння падзячных грамат, якія ўручаў айцец Георгій людзям, якія дапамаглі з арганізацыяй мерапрыемстваў, за актыўнасць у справах праваслаўя вызначана была ў 100 грамат, сімвалізуючы дату свята і, вядомая справа, колькасць актывістаў.
Вядучыя канцэрта Наталля Гутарава і Яўген Аношка ў лаканічным фармаце зрабілі экскурс у гісторыю Лясной, а самадзейныя артысты РЦК і НТ, дзіцячай школы мастацтваў, мясцовага Дома культуры, прыхаджане сваім песнапеннем стваралі атмасферу ўзнёсласці і радасці. Як вядома, святар Георгій у першай гарадской школе вядзе факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўя. І не маглі ягоныя выхаванцы разам са сваёй настаўніцай Л. М. Баранавай не выказаць падзяку за ўрокі праваслаўя і жыццясцвярджальнасць святару Георгію. Высокім стылем, цёплым вершаваным радком гучалі віншаванні, а зала вельмі чуйна рэагавала на гэткі аптымізм.
Канцэрт закончыўся на ноце духоўнасці і цеплыні, якія, упэўнена, у душах прысутных пасялілі эмоцыі дабрыні і любові. Эпілогам таго дня без перабольшвання сталі словы епіскапа Сафронія, сказаныя ім падчас літургіі, што «только чистое сердце Бога узрит». Ёсць над чым задумацца…
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий