Вызначаны пераможца

Паважаныя чытачы, найперш хочацца папрасіць у вас прабачэння за зацягванне з падвядзеннем вынікаў. І на тое былі аб’ектыўныя прычыны. Адна з іх – сабраць разам усіх членаў журы. Але ж, як кажуць, нарэшце такое стала магчымым. Старшыня журы начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. М. Шаўцова, члены: першы сакратар райкама БРСМ В. У. Гарадзецкая, рэдактар райгазеты “Прысожскі край” В. У. Езерская і загадчыца аддзела пісьмаў рэдакцыі С. І. Бяляева знайшлі кансенсус адносна пераможцы. Ім стала сям’я Заяц з горада Мінск. Чаму менавіта гэтай сям’і аддалі перамогу? Тлумачыць нескладана. Па-першае, і што вельмі парадавала, нас чытаюць нават у сталіцы. Але ж не гэта было вызначальным. А тое, што у сям’і Заяц крыху больш чым год таму нарадзілася адразу тры дзяўчынкі – Елізавета, Вольга і Ксенія. Да таго ж, у іх ужо было дзве дзяўчынкі, якім 4,5 і 3 годзікі . Гэтая радасная падзея не магла не выклікаць пачуццё радасці за такі сямейны саюз. Праз фотаздымак-пераможцу напомнім чытачам раёнкі пра гэтую сям’ю.
Усіх, хто даслаў на адрас рэдакцыі здымкі сваіх нашчадкаў, дзякуем за актыўнасць. Яна была высокая і ўражваючая. Кожны з вас імкнуўся перадаць праз фота свайго дзіцяці момант шчасця, які, упэўнены, далёка не адзінкавы ў сваім пераліку ў вашых сем’ях. Мы яшчэ раз пераканаліся, што шчаслівай сям’я можа стаць толькі тады, калі там гучыць дзіцячы смех, калі хочацца жыць дзеля іх будучага, ахвяруючы нават сваімі інтарэсамі і праблемамі.
На гэтым нашы конкурсы не заканчваюцца. Чытайце раённую газету, і там вы пазнаёміцеся з чарговым конкурсам. Якім? Праз пэўны час даведаецеся.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий