Да юбілею Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка

Закончыўся першы этап паэтычнага конкурса, прысвечанага юбілею Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка. Чытачы раённай газеты ўжо пазнаёміліся з большасцю вершаў. Сёння бачна: конкурс адбыўся! Арганізатары парадаваліся як актыўнасці, так і натхнёнасці, шчырасці 12-ці аўтараў (5 выбралі для творчасці беларускую мову і 7 – рускую). Дзякуючы ім літаратурная скарбонка Слаўгарадчыны папоўнілася новымі творамі. Даверлівымі, пранікнёнымі, што закранаюць самыя тонкія струны душы. Да таго ж яны разнастайныя па творчых задумах, ідэях, формах. Апошнім па часе паступлення на конкурс стаў твор 20-гадовага Андрэя Чапелюка з г. Гродна. Ён варты ўвагі як выражэнне поглядаў моладзі на нашу мінуўшчыну.
Аўтарытэтнае журы неўзабаве падвядзе вынікі і назаве прызёраў. Але ўжо зараз бясспрэчна, што кожны ўдзельнік конкурсу заслугоўвае падзякі і прызнання. За стараннасць і творчую працу. За любоў да Прысожскага краю, яго гісторыі і сённяшняга дня. За клопат і руплівасць дзеля нашай будучыні.
Протаіерэй Георгій САКАЛОЎ.
Н. ЕЎДАКІМЕЦ
АДКАЗ ТУРЫСТУ
Я пры Лясной аднойчы
Размовы сведкам стаў,
Калі турыст ахвочы
У святара спытаў:
– Скажы, разумны ойча,
Не прыхарошвай слоў,
Цар Пётр – тыран-пачвара,
Ён знішчыў Магілёў,
У полымі пажараў
Ён Беларусь спаліў,
Таму нам не да твару,
Каб хто яго хваліў!
– Чаму так судзім строга,
Не хочам зразумець,
Што гэта справа Бога,
Мы ж ведаем ледзь-ледзь.
Лепш не кідацца словам,
Паразважаем вось,
Хіба душу Пятрову
З нас бачыў хто наскрозь?
Прэтэнзіяй адвечнай
Спяшаем папракаць,
Тым больш для нас бяспечна
На мёртвых наракаць.
А той жывы, бо многа
Для вечнасці пражыў,
І ён прысуд ад Бога
Даўно ўжо заслужыў.
Праўдзівей мне самому
Змірэнна падысці:
А ў вечнасць я гатовы
Вось зараз перайсці?
А там не патрабуюць
Разумных гладкіх слоў,
Бо толькі паратуюць
Спагада і любоў.
О, Тройца Прасвятая,
Ты не глядзіш на чын,
Пятрам і Мікалаям,
Хто з вераю спачыў,
Грахі прабач усім,
Хто не счарсцвеў зусім.
Іван ВЕРАСЕНЬ
КАЛЯ ХРАМА
Ў ЛЯСНОЙ
Каля храма ў Лясной
чырванеюць каліны
маўкліва і скрушна.
Змацаваныя шчытна
камяні і цагліны
узвышаны дружна.
У аблоках купаецца
купал зялёны,
крыжам нас асланяе.
Дрэвы ціха
гайдаюць-прыносяць паклоны,
бор псальмы спявае.
Каля храма ў Лясной
душы нашы мякчэюць,
бо лепшыя лекі,
калі дзень пачынаюць
і вечарэюць
з малітваю чалавекі.
І не толькі ў Лясной
дарагі і чаканы –
у кожнай мясціне –
позірк Бога
заўжды скіраваны,
што нас не пакіне.
У ЛЯСНЯНСКАЙ ЦАРКВЕ
Асцярожна і ціха ступаю
Праз стагодні царкоўны парог –
І ў душы прасвятлела ўзнікае
Памяць тых, хто святыню збярог
На Ляснянскай славутай паляне,
Набрынялай слязьмі і крывёй.
Тут давеку цяпер не прыстане
Шлях да Бога малітвы святой.
Той малітвы, што душы ратуе
І да вечнасці пэўна вядзе.
Светлы храм несупынна вартуе
Сцежкі-споведзі лёсаў людзей.
Людмила ГРИШАНОВА
Хранит о битве память
На поле у Лесной
Орёл, повергший знамя,
Храм в дымке золотой
Рассветов и закатов,
Туманов и дождей,
С молитвой о солдатах,
О слёзах матерей.
Над ним летают птицы,
Как ангелы легки,
Не ведая границы
От неба до земли.
Горит Победы слава
Над шведом у Лесной
В истории державы
Немеркнущей звездой.
Сяргей ЗАЛЕСКІ
МАЗАІКА Ў ЛЯСНОЙ

Хоць непагода, няўтульна,
сцюжна,
Але – маўчы!
Апостал Пётра сціскае мужна
Ў руцэ ключы.
Глядзіць удалеч, не пахіснецца:
Ён гаспадар
На полі бітвы, дзе ўвысь
імкнецца
Святы алтар
Царквы Хрыстовай, што варагуе
Толькі з грахом.
Апостал Пётра ў Лясной вартуе
Свяшчэнны дом.
ПЕРАД
КАЗАНСКАЙ ІКОНАЙ
БАГАРОДЗІЦЫ
У Яе прад вачмі
неабсяжнае мора
верхавінак кудлатых
ляснянскага бору.
У Яе прад вачмі
пералесак сунічны,
а далей, за рачулкай,
прастор баравічны.
У Яе прад вачмі
небакрай васільковы,
птушаняты ў гняздзе
і звярыныя сховы.
У Яе прад вачмі
кожны дзень каля храма
хто кульгаючы йдзе,
хто стараецца прама.
У Яе прад вачмі
мы не трацім надзей
на пакроў і спагаду
да грэшных людзей.

Добавить комментарий