Пераможцы жывуць у аграгарадку Ржаўка

Кожная маладая сям’я, якая пражывае на слаўгарадскай зямлі, няхай сабе і не ўдзелам, а цікаўнасцю і галасаваннем мае дачыненне да раённага конкурсу на ўзорны дом маладой сям’і. Нехта не рызыкуе з-за боязі таго, што не выйдуць у пераможцы, нехта не верыць у справядлівасць пры падвядзенні вынікаў, а нехта ўвогуле жыве па прынцыпу: мая хата з краю…
Але ж, як бы там ні было, ужо працяглы час гэты конкурс знаходзіць сваіх удзельнікаў. Нехта бярэ ўдзел і не першы раз. Як, напрыклад, сям’я Дзянісавых Леаніда і Аксаны з аграгарадка Ржаўка. Калі хто помніць, яны ў мінулым годзе занялі другое месца ў гэтым конкурсе. Сёлета члены журы адзінагалосна выказаліся за тое, каб сям’я Дзянісавых стала пераможцай. Ім будзе ўручаны Дыплом і каштоўны падарунак на суму 5 базавых велічынь.
Другое месца заняла сям’я Аўдзеенкаў Міхаіла і Вольгі з аграгарадка Свенск. Яны таксама будуць узнагароджаны Дыпломам і каштоўным падарункам на суму 4 базавых велічыні.
Трэцяе месца прысуджана сям’і Касцючэнкаў Васіля і Яўгеніі з аграгарадка Лясная. Гэтая сям’я ўзнагароджваецца Дыпломам і каштоўным падарункам на суму 3 базавых велічыні.
Віншуем пераможцаў раённага конкурса і жадаем, каб і надалей яны трымаліся жыццёвай ісціны – ісці ў адным накірунку дзяля дабрабыту сваёй сям’і. Для тых, хто яшчэ толькі прымерваецца да гэтага конкурса, раім больш упэўнена будаваць планы і ажыццяўляць іх. Не саромейцеся дзяліцца сваім шчасцем, бо яно належыць толькі вам, а вось пазычыць штось карыснае з вопыту вашага гаспадарання – а чаму б і не?! Глядзіш, у кагорце маладых, якія за жыццё бяруцца чатырма рукамі, стане больш.
Так што смялей ідзіце па жыцці, верачы ў свае сілы, перамагаючы і ў розных конкурсах.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара

Добавить комментарий