Пра ролю раёнкі і падпісную кампанію

На бягучым тыдні прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па ідэалагічнай рабоце з насельніцтвам. Вяла яго начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.М. Шаўцова.
Два пытанні разгледзелі члены савета. Першае з іх датычылася ролі раённых СМІ ў асвятленні мерапрыемстваў ідэалагічнай накіраванасці. З інфармацыяй на гэты конт выступіла галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя райгазеты “Прысожскі край” і радыёвяшчання “Будні Слаўгарадчыны” В.У. Езерская. Выступленне было пабудавана на ўзаемасувязі з раённымі структурамі, якая трывала прапісалася ў практыку падрыхтоўкі кожнага нумара раёнкі і радыёперадачы. Менавіта такі сімбіёз дазваляе чытачу і радыёслухачу мець прадметную размову на разнастайныя актуальныя і жыццёвыя тэмы. У той жа час прагучала і такое пажаданне: пашыраць геаграфію перадавога вопыту, часцей весці размову пра сямейныя каштоўнасці, актывізаваць прапаганду здаровага ладу жыцця праз расказы на вышэйназванае ў СМІ раёна. Выказвалася і такое пажаданне: тэма духоўнасці і маралі павінна гучаць з большай перыядычнасцю праз выхады тэматычных старонак. Як рэзюмавала выступоўца, кожны матэрыял, які апублікаваны ў раёнцы альбо прагучаў па радыё, мае прамое дачыненне да ідэалагічнай накіраванасці, бо там закладзена ідэя прапаганды дабрабыту, які магчымы толькі праз сур’ёзную працу на вытворчасці, праз фарміраванне пачуцця патрыятызму і гонару за сваю радзіму.
Падпісная кампанія на перыядычныя выданні на першае паўгоддзе 2013 ідзе поўным ходам. Наколькі актыўна, а таксама пра плюсы і мінусы падпісной кампаніі на 4-ы квартал бягучага года – пра гэта распавёў у сваім выступленні начальнік раённага вузла паштовай сувязі А.М. Цішкоў. І хаця раён у гэтым плане “выглядае” не горш за іншыя раёны вобласці, усё ж назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці падпісчыкаў на перыёдыку ў параўнанні з мінулым годам.
Як пазбегнуць гэткай сітуацыі пры вядзенні падпіскі на новы год – такі лагарытм быў пакладзены ў аснову размовы членаў каардынацыйнага савета.
В. ПРОНІНА.

Добавить комментарий