У гонар працаўніка вёскі


Сёлета ў раёне змяніўся сцэнарый святкавання Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Традыцыйны збор працоўных калектываў у раённым цэнтры культуры напярэдадні свята займеў прапіску, так бы мовіць, па месцу працы. У выніку члены райвыканкама бралі ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды свята, якія прайшлі ў мінулую суботу на цэнтральных сядзібах сельгасарганізацый.
Кіраўнік раёна У. П. Даніленка прыняў удзел ва ўрачыстасцях у тых працоўных калектывах, якія па ўмовах раённага спаборніцтва ў раслінаводчай галіне сталі пераможцамі. Сустрэча з працаўнікамі СВК “Калгас “40 год Кастрычніка” праходзіла ў сельскім Доме культуры аграгарадка Гіжэнка. Гэтая гаспадарка заняла першае месца ў спаборніцтве, што і адзначыў кіраўнік раёна, уручаючы старшыні гаспадаркі М. М. Янкову Ганаровую грамату і грашовую прэмію.
Старшыня гаспадаркі ўручыў лепшым працаўнікам грашовыя прэміі, павіншаваў з прафесійным святам , акрэсліў перспектыву гаспадарання, падзякаваў адміністрацыю школы за руку дапамогі падчас уборачнай кампаніі. А затым быў святочны канцэрт, наладжаны сіламі мясцовых самадзейных артыстаў.
Аналагічная сустрэча з удзелам кіраўніка раёна У. П. Даніленкі адбылася і ў СВК “Прывольны”. Хлебам-соллю прывіталі У. П. Даніленку і старшыню гаспадаркі Т. Р. Кухараву.
Уладзімір Пятровіч прывітаў калектыў сельгасработнікаў, які стабільна дасягае высокіх працоўных здабыткаў. У раённым спаборніцтве ў раслінаводчай галіне бягучага года СВК “Прывольны” заняў другое месца. Кіраўнік раёна ўручыў Т. Р. Кухаравай Ганаровую грамату і грашовую прэмію, пажадаў калектыву новых працоўных поспехаў, сямейнага дабрабыту. Уладзімір Пятровіч уручыў пераможцам раённага спаборніцтва – камбайнерам і вадзіцелю – Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. Затым старшыня гаспадаркі выканала прыемную місію праз заахвочванне лепшых працаўнікоў сельгасарганізацыі грашовымі прэміямі і падарункамі, ад якіх падворак пабагацее на жыўнасць – парсючкамі. Апошнія выклікамі асаблівыя эмоцыі сярод прысутных, бо каму б не хацелася за сваю працу атрымаць такое заахвочванне?!
Сустрэча з нагоды прафесійнага свята праходзіла ў Ржаўскім цэнтры культуры. І, вядомая справа, не абышлося без святочнага канцэрта. Ён быў сапраўдным падарункам праўлення гаспадаркі сваім рупліўцам, бо на сцэне выступалі майстры мастацтваў, запрошаныя з Магілёва. Не шкадавалі сваіх далоняў гледачы, шчыра апладзіруючы за кожнае выступленне прафесіяналаў.
* * *
У той дзень аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць на ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята ва УКСП “Прысожжа”. Нарада праходзіла ў РЦК і НТ. Дырэктар прадпрыемства Л. В. Ануфрыеў падвёў вынікі работы за 10 мсеяцаў, акрэсліў перспектыву, за якой павінна стаяць напружаная праца на ўсіх участках сельгасвытворчасці.
Шэрагу лепшых працаўнікоў, сярод якіх была і ветэран працы аператар машыннага даення А. С. Раманцова, уручыў грашовыя прэміі і словы падзякі за шчырую працу на прадпрыемстве.
Ад імя раённай улады перад працаўнікамі “Прысожжа” выступіла член выканкама галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя райгазеты “Прысожскі край” і раённага радыёвяшчання “Будні Слаўгарадчыны” В. У. Езерская. Валянціна Уладзіміраўна ўручыла пераможцам раённага спаборніцтва , якія працуюць на гэтым прадпрыемстве, Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.
Святочны канцэрт, наладжаны сіламі самадзейных артыстаў РЦК і НТ, стаў цудоўным падарункам дырэкцыі прадпрыемства сваім працаўнікам з нагоды прафесійнага свята.
В. ПРОНІНА.
Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий