69 мірных год…


25 лістапада 1943 года наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай свяшчэннай даты пачаўся адлік мірнага жыцця. Коштам неймаверных высілкаў воінам-вызваліцелям прышлося выбіваць ворага з занятых умацаванняў. Гэта быў сапраўдны подзвіг моцных і мужных духам, якія паклалі на алтар перамогі і незалежнасці Радзімы свае жыцці, каб мы жылі пад мірным небам.
Прайшло з той пары 69 год, але жыхары раёна па-ранейшаму захоўваюць памяць аб тых, хто стаў магутнай заслонай на шляху нямецкіх захопнікаў і не даў фашызму скарыць наш народ.
У гонар гэтай памятнай даты ля помніка загінуўшым воінам, што ў гарадскім парку, у мінулую пятніцу адбыўся мітынг памяці. Па традыцыі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва раёна, члены працоўных калектываў, грамадскасць, моладзь усклалі да помніка вянкі.
Выступіў з прамовай ваенны камісар райваенкамата А.А. Чаркашын. Ён прыгадаў падзеі ваеннага мінулага Слаўгарадчыны. Хвіліна маўчання стала данінай павагі пакаленняў, якім завешчана захоўваць бясцэнны мір, здабыты крывёю бацькоў, дзедаў, прадзедаў.
Ад імя ветэранаў вайны выступіў Ф.У. Шкірманкоў і выказаў надзею, што памяць аб тым ваенным ліхалецці не згасне і будзе жыць у вяках. Дарэчы, да гэтага Фелікс Уладзіміравіч прыкладае сілы, адводзячы пэўны пласт сваёй творчасці тэме вайны. Вось і на мітынгу ён пранікнёна дэкламаваў свой верш, які, упэўнена, крануў кожнага і стаў своеасаблівым запаветам нашчадкам.
Выступленне першага сакратара райкама “БРСМ” В.У. Гарадзецкай было скіравана і да моладзі: “Нам выпала шчасце бачыць і чуць ветэранаў вайны, праз непрацяглы час мы застанёмся адзін на адзін з мінулым нашых дзедаў і прадзедаў, таму наш святы абавязак – захаваць памяць і гістарычную пераемнасць пакаленняў. І мы яго выканаем!”.
У рамках святочных мерапрыемстваў з нагоды вызвалення раёна ў нядзелю ў РЦК і НТ прайшоў тэматычны канцэрт “Гэтых дзён не змеркне слава”, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі цэнтра і які быў цёпла сустрэты гледачамі.
Тэкст і фота
Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Добавить комментарий