Паэтычны конкурс працягваецца!

У сераду падведзены вынікі першага этапа паэтычнага конкурса “На полі бітвы пры Лясной храм-помнік велічы святой”, прысвечанага 100-годдзю Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка в. Лясная. Паколькі большасць аўтараў і членаў журы пражывае ў Магілёве, месцам правядзення ўрачыстай цырымоніі стала абласная бібліятэка. Там сабраліся прадстаўнікі навуковай і культурнай інтэлігенцыі горада. З Мінска прыбыў народны артыст Беларусі, вядучы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы В.С. Манаеў. У складзе дэлегацыі Слаўгарадскага раёна былі: протаіерэй Георгій Сакалоў (прыход храма-помніка в. Лясная), Т.М. Бабічава (аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама), Н.Ф. Куратава (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма), В.У. Гарадзецкая (РК “БРСМ”), Л.І. Кохан і Ваня Маруцін (СШ № 1 г. Слаўгарада), А.А. Шукайлава (Ляснянская сельская бібліятэка-музей).
Айцец Георгій паведаміў, з якой нагоды арганізаваны конкурс і як праходзіў першы этап, назваў імёны 12-ці ўдзельнікаў. З іх прысутнічалі на сустрэчы: Л.Ф. Грышанава, Г.І. Лазюк, Л.У. Осіпаў, М.Ф. Чаканаў. Вельмі прадстаўнічым было журы – 22 чалавекі. Свае ўражанні ад твораў, аналіз іх, пажаданні на будучае шчыра і зацікаўлена выказалі: А.Л. Мельнікаў (упраўленне ідэалагічнай работы аблвыканкама), С.Э. Сомаў (Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.А. Куляшова), І.А. Іванова (газета “Звязда”), В.М. Юрчанка (абласны ліцэй № 3) і іншыя. Не засталося без увагі бліц-апытанне, што друкавалася ў нашай раёнцы. Наогул, адзначаны актыўны ўдзел рэдакцыі газеты “Прысожскі край” у правядзенні конкурса. Падкрэслім, што ўсе вершы, якія былі вызначаны членамі журы як найлепшыя, пабачылі свет дзякуючы слаўгарадскай раёнцы.
Нарэшце айцец Георгій абвясціў імёны лаўрэатаў. У намінацыі “Творы на беларускай мове” імі сталі: Сяргей Залескі (1-е месца), Алесь Сакалоў (2-е месца), Іван Верасень (3-е месца), Леанід Осіпаў (заахвочвальны прыз). У намінацыі “Творы на рускай мове” пераможцы наступныя: 1-е месца – Іван Пехцераў, 2-е месца – Галіна Лазюк, 3-е месца – Людміла Грышанава, заахвочвальны прыз —Святлана Маісеенка. Пераможцы атрымалі з рук святара дыпломы, прэміі, сувеніры і кветкі. Лаўрэаты мелі магчымасць выказацца аб сваіх творчых дасягненнях і планах. Усё гэта прагучала душэўна, шчыра і пранікнёна. Вершы адсутных на цырымоніі пераможцаў па-майстэрску прачытаў Віктар Манаеў.
Далей айцец Георгій абвясціў аб правядзенні другога этапа конкурса, які пройдзе да 14 лютага 2013 года. Пасля таго, як завяршыўся першы этап, былі пададзены тры новых вершы. Сярод іх аўтараў вучань 3 “А” класа СШ № 1 г. Слаўгарада Ваня Маруцін. Узнёслым і звонкім голасам хлопчык прачытаў свой верш “Храм-помнік” і адкрыў ім наступны этап.
Завуч першай гарадской школы Л.І. Кохан паведаміла аб вопыце работы, які назапашаны школай у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні вучняў. Ларыса Іванаўна выказала айцу Георгію словы падзякі і прызнання “за яго вялікае сэрца, якое з любоўю і падтрымкай змяшчае столькіх людзей – і дзяцей, і дарослых”.
Благаславёных грамат Ляснянскага прыхода былі ўдастоены члены журы і арганізатары конкурса. Артыст Купалаўскага тэатра В.С. Манаеў некалькі кніг пра беларускага песняра Я. Купалу са сваім аўтографам падарыў бібліятэкам, у тым ліку – Слаўгарадскай раённай і школьнай СШ № 1.
Далей супрацоўнікі абласной бібліятэкі прадставілі кніжную выставу “Праваслаўная Магілёўшчына”. Яна не абмінула гісторыю Ляснянскага храма-помніка. Потым А.А. Шукайлава прадэманстравала некалькі рэдкіх кніг і часопісаў, якія захоўваюцца ў фондах Ляснянскай сельскай бібліятэкі-музея.
Закончылася ўрачыстасць агульным фота і пажаданнем яшчэ і яшчэ праводзіць такія культурныя акцыі. Яны ўзвышаюць і ўзбагачаюць наш духоўны стан. На іх людзі атрымоўваюць жывое, творчае стаўленне да саміх сябе, бліжніх і навакольнага свету. І ў гэтым кожны з нас можа і павінен быць і мастаком, і паэтам!
В. ГАРАДЗЕЦКАЯ,
сакратар РК “БРСМ”.

Добавить комментарий