Васькавіцкая школа: за 100 год – 50 “залатых” вучняў


У мінулую суботу аграгарадок Папоўка, а больш ягоныя насельнікі, выглядалі па-асабліваму святочна. І на тое была нагода. Мясцовая школа, якая па збегу ідэалагічных догмаў, называецца Васькавіцкай, святкавала стагадовы юбілей. Святочныя мерапрыемствы праходзілі ў сценах роднай альма-матэр для сённяшніх і, што вельмі ўразіла і парадавала, тых, хто ў 1951-ым і іншых гадах былі выпускнікамі гэтай школы.
Яна была ў святочным убранні, а настаўнікі знаходзіліся ў стане, які мяжуе з хваляваннем і радасцю адначасова. Дырэктар В. П. Рыжкоў – гэта асобная тэма для адлюстравання ягоных паводзінаў. Ён быў ва ўсіх іпастасях, якія запатрабоўваюцца ў такія адказныя моманты. Ва ўнісон яму была і ягоная правая рука – завуч І. М. Флёрык, харызма якой заўсёды пасяляе аптымізм і ўпэўненасць у высокай выніковасці.
Госці, а іх было ў той дзень у школе забагата, адразу апыноўваліся ў атмасферы прывітальнасці з боку настаўніцкага корпуса. Усё, так бы мовіць, адшліфавана было да драбніц.
Ад раённай улады прывітаць калектыў школы прыбылі: намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская; ад педагагічнага корпуса раёна – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама А. Л. Аўчыннікаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. М. Дзенісенка, спецыялісты аддзела, дырэктары школ, старшыня СВК “Прывольны” Т. Р. Кухарава; старшыня сельвыканкама А. В. Плехава і многія-многія другія, хто прыняў запрашэнне дырэкцыі школы на яе святочны “бенефіс”. І ён сапраўды займеў такое азначэнне. Бо з дапамогай вядучых – настаўнікаў і вучняў – давялося перагарнуць гістарычныя старонкі жыцця школы, пачынаючы з таго часу, калі школа была царкоўна-прыхадской і навучанне вялося ў адным з дамоў Васькавіч.
Дадатна, што сцэнарый свята быў пабудаваны такім чынам, дзе пра кожнага настаўніка школы, які пакінуў педагагічны след ў сваіх вучнях, а сёння ўжо з’яўляецца небажыхарам, так і пра тых, хто з-за стану здароўя не змог прыехаць, бо гады – таму прычына – расказвалася праз высокі стыль павагі.
Сапраўдным сюрпрызам падалася і такая інфармацыя: за 100 год існавання з яе сцен выйшлі 50 «залатых» выпускнікоў. Іхнія прозвішчы таксама прагучалі для прысутных. Прыемна, што некаторыя з іх прыехалі на свята школы і давялі свой сповед на пытанне вядучых: якім чынам залаты медаль паўплываў на далейшы лёс? Прыехалі і былыя настаўнікі, якія сёння ў паважаным узросце, але ж прыехалі, як сказала Т. М. Андрэенка, каб успомніць, каб прывітаць, каб, зрэшты, расчуліць сваіх былых вучняў, некаторыя з якіх сёння ідуць настаўніцкай дарогай. Па-іншаму, без эмацыйнай афарбоўкі яе працяглы сповед не атрымоўвалася ўспрымаць.
Вельмі цікавымі былі ўспаміны выпускнікоў, якія ажыццявілі сваю мару і сталі гонарам школы. З асаблівым хваляваннем слухалі Івана Мікалаевіча Ламачэнку , выпускніка 1950 года, доктара медыцынскіх навук, прафесара, які дарэчы, прыбыў з Расіі на свята і прытым разам з жонкай і сынам, які працягвае справу бацькі – выкладае ў медінстытуце. Дасылалі ў адрас школы і віншавальныя тэлеграмы ад былых вучняў, якія зачытваліся і якія краналі да глыбіні душы.
На сцэну выходзілі былыя настаўнікі і вучні, вучнёўскія дынастыі, дырэктары школ раёна, старшыні сельвыканкама і сельгаскааператыва і многія другія, хто ў той святочны дзень раздзяляў радасць такой значнай падзеі ў жыцці школы. Былі і падарункі , нават і адрасныя. Напрыклад, старшыня гаспадаркі Т. Р. Кухарава ад імя працаўнікоў СВК «Прывольны» перадала тры мільёны рублёў на спартыўны інвентар. Намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская – сертыфікат на халадзільнік, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама А. Л. Аўчыннікаў – дакумент на 15 школьных партаў, прафсаюзны лідар С. М. Дзенісенка – 1 мільён рублёў на добраўпарадкаванне тэрыторыі, прылягаючай да школы; ад раённай арганізацыі «Белая Русь» — фінансавая дапамога для афармлення стэндаў дзяржаўнай сімволікі; раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа ўнесла свой уклад для набыцця салодкасцей на святочныя сталы.
Не дадзена было заглянуць ва ўсе святочныя пакеты, але кожны падарунак быў з шэрагу патрэбных школе, якая на працягу многіх год, а з 1990 года пад кіраўніцтвам В. П. Рыжкова, вядзе сваіх навучэнцаў дарогай пазнання і жыцця.
Прыемна што і былыя вучні, а сёння паспяховыя прадпрымальнікі Алена Зенькевіч і Міхаіл Коршыкаў прынялі ўдзел у падрыхтоўцы да свята.
Прашу прабачыць аўтара гэтых радкоў, калі пра кагосьці з выступаючых не паведаміла чытачам. Або прамінула адлюстраваць школьных выступоўцаў мастацкай самадзейнасці. Гэтага практычна немагчыма зрабіць з-за абмежаванай газетнай плошчы, дый і перадаць дзейства, якое доўжылася больш за тры гадзіны, – занадта складана. Хочацца акцэнтаваць ўвагу на тым, што школа ў нашым грамадстве па-ранейшаму з’яўляецца цэнтрам выхаваўчай і ідэалагічнай скіраванасці, тым цэнтрам, да якога заўсёды ставяцца з прызнаннем і павагай. І няхай будзе і надалей гэтак жа. Доўгіх гадоў табе, Васькавіцкая школа! Гэтак жа плённа працуй на ніве разумнага, добрага і вечнага, адзначаючы яшчэ многія юбілеі ў сваім жыцці.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий