Чым сеяць будзем?

У сераду прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. На павестку дня выносіліся 19 пытанняў з жыцця раёна. Кожнае з іх займела вырашэнне. Першаму з іх, пазначанаму такім чынам: аб рабоце сельгасарганізацый раёна па падрыхтоўцы насення яравых зерневых і зернебабовых культур і забяспечанасці насеннем шматгадовых траў — быў аддадзены прыярытэт пры разгледжанні. Як зазначыў кіраўнік раёна У. П. Даніленка, пачынаючы работу выканкама, некаторыя старшыні гаспадарак праігнаравалі патрабаванні аблвыканкама і на дзень выканкама мелі нязначную колькасць насеннага матэрыяла. Напрыклад, СВК “Жалезінскі” пры запасах насення пад патрэбу не займаецца належным чынам давядзеннем насення да пасяўных кандыцый, яго толькі 21 працэнт да неабходнага. У “Заранскім” – 59%, “Лясной” – 80 працэнтаў. У той час як у СВК “Прывольны”, “Зімніца”, УКСП “Прысожжа”, ліцэі маюць 100-працэнтную насенную базу.
З аналізам па сітуацыі, якая склалася з насеннем яравых зерневых і зернебабовых, шматгадовых траў у сельгасарганізацыях раёна, выступіў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу У. У. Давыдзенка. Як прагучала, план засыпкі насення ў раёне складае 100 працэнтаў. Праблемнымі гаспадаркамі на насенне пасяўных кандыцый адзначаюцца: СВК “Жалезінскі”, “Наша Радзіма”, у шэрагу гаспадарак адсутнічае насенне шматгадовых траў.
Старшыні гаспадарак, у адрас якіх прагучала крытыка, трымалі справаздачы. Кіраўнік раёна быў лаканічным у вызначэнні вердыкта па сітуацыі — да 17 снежня кандыцыйнае насенне ва ўсіх сельгасарганізацыях павінна быць пад пасяўныя плошчы.
У рашэнні, прынятым па гэтаму пытанню, да вінаватых у правальным становішчы закладзены меры адміністратыўнага ўздзеяння.
В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий