У цэнтр – з падарункамі

Члены райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў і іншых традыцыйна ўдзельнічаюць у розных дабрачынных акцыях. Напярэдадні Міжнароднага Дня інвалідаў старшыня райкама прафсаюза А. М. Шаўцова выступіла з ініцыятывай збору сродкаў на набыццё падарунка для выхаванцаў рэабілітацыйнага цэнтра “Іскрынка надзеі” і знайшла ў гэтым падтрымку ў сваіх калег, членаў арганізацыі Чырвонага Крыжа.
У Дзень інвалідаў дэлегацыя на чале са старшынёй райкама А. М. Шаўцовай, намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа М. У. Даніленка пабывалі на мерапрыемстве ў цэнтры “Іскрынка надзеі”.
С. А. Езерская акрэсліла ўвагу, якую ўдзяляе краіна людзям з фізічнымі праблемамі, а затым дырэктару цэнтра А. І. Лукашковай быў уручаны падарунак – дыван для выхаванцаў. Валанцёры Васькавіцкай школы наладзілі канцэрт мастацкай самадзейнасці, падчас якога дамінавала тэма дабрыні, спагады і міласэрнасці – рухаючай сілы цывілізаванага грамадства.
* * *
У той жа дзень гэтая дэлегацыя наведала і аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, якое функцыянуе на базе раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. З салодкім тортам, з цёплым словам звярнулася А. М. Шаўцова да наведвальнікаў аддзялення, а валанцёры з Васькавіцкай школы парадавалі цудоўным настраёвым канцэртам.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара

Добавить комментарий