Адкрыццяў было нямала…


Стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года збіраць сапраўдны аншлаг у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. І ўсё таму, што на сцэне выступаюць навучэнцы і педагогі Цэнтра дзіцячай творчасці. І ўсё таму, што кожнае выступленне – непаўторнае з мінулагоднім. А інтрыга, як ведаем, заўсёды прыцягвае ўвагу. Нямалаважным фактарам аншлагавасці стала і тая акалічнасць, што бацькі нераўнадушныя да заняткаў сваіх нашчадкаў, што сказалася на глядацкай аўдыторыі. На гэты раз, зрэшты як і заўсёды, адбыўся павучальны спектакль. Па матывах казкі “Па шчупаковаму жаданню” у той дзень ладзілі спектакль.
Дэкарацыі і касцюмы артыстаў уразілі, як кажуць, па поўнай праграме. З элементарнага да прыгожага – такім чынам хацелася ахарактарызаваць прафесіяналізм творчага калектыва гэтай дзіцячай установы.
Усіх прысутных з надыходзячым Новым годам павіншавала намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская. А затым пачалася казка.
Не буду падрабязна расказваць пра тое, як Ямеля з лайдака, які ляжаў на печцы і праз шчупакову шчырасць карыстаўся багаццем разам са сваёй жонкай Глашай, царскай дачкой. Дарэчы, вельмі каларытным атрымаўся гэты персанаж у выкананні дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці М. Г. Жураўлёвай.
Увогуле педагогі прадэманстравалі, што апроч сваіх непасрэдных навучальных абавязкаў, добрым чынам выканалі і акцёрскія ролі. Цікавымі былі персанажы Бабы Ягі, Вадзянога, Цара і Генерала і г.д. Трапна і выразліва перадавалі яны свае павучальныя захады, якія рэфрэмам гучалі ад кожнага персанажа: толькі на сябе трэба спадзявацца, калі хочаш пражыць самадастатковае і прыстойнае жыццё.
Асобныя словы хочацца сказаць пра галоўнага персанажа казкі – Ямелю, ролю якога выканаў Дзмітрый Ануфрыеў. У хлопца такая харызма, што верылася кожнаму ягонаму слову і дзейству, якое паступова з выпрабаванняў ператварылася ў майстэрства. Зрэшты, кожнае выпрабаванне, якое выпадала Ямелю, бо мінуў час выканання шчупаком ягоных загадаў, фарміравала яго майстэрства. Ён навучыўся сам рабіць многае, што дазволіла яму заваяваць і вярнуць да сябе жонку Глашу. А сваю маці, ролю якой гэтаксама ўдала выканала навучэнка Вольга Краснагір, парадаваць на такую жыццёвую метамарфозу.
Як і ў любой казцы, заканчэнне атрымалася шчаслівым. Усе персанажы сталі добрымі, бо інакш нельга, калі хочаш сябраваць і быць карысным. Кажуць, “сказка ложь, да в ней намёк – добрым молодцам урок”. Сваім спектаклем навучэнцы і педагогі данеслі галоўны ўрок жыцця – толькі праз працу і павагу фарміруецца асоба. І вельмі добра, што на гэтым дзействе прысутнічалі нават цэлымі сем’ямі. Глядзіш, урок лепей засвоіцца. Канешне, прыйшоў да казачных персанажаў Дзядуля Мароз са Снягуркай і віншаваў з надыходзячым Новым годам усіх, хто прыйшоў на свята.
Затым кожны жадаючы з глядзельнай залы змог расказаць Дзядулю Марозу верш і атрымаць за гэта цукеркі. Так бы мовіць, казка ператварылася ў свята, якое ўжо праходзіла з удзелам гледачоў.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий