Каб сагрэць сэрцы дзяцей

Іх, дзяцей, чые бацькі вядуць бяспутны лад, нямнога ў нашым раёне. Толькі васьмёра з іх святкавалі надыход Новага года ў сацыяльным цэнтры, што ў вёсцы Новая Слабада. Але ж нават калі хаця б адно дзіцяці пакутуе па родных – гэта ўжо трагедыя. Няхай сабе і створаны ў гэтым цэнтры добрыя ўмовы пражывання і выхавання, але ж дзецям заўсёды бліжэй родны дом. І бацькі гэтаксама, якімі б яны ні былі. Пра гэта ведаюць і члены раённай арганізацыі “Сяльчанка”. Але ж мала толькі ведаць. Вырашылі дзейнічаць. Як? Сваім удзелам праз падарункі, якія развіваюць дзіцяці. Купілі і наведаліся ў госці да рабят і іхніх выхавацеляў. Падарылі падарункі, выслухалі вершы, прыгатаваныя рабятамі да Новага года. А затым усе разам размясціліся за святочным сталом, дзе салодкасці і гарбата, зацікаўленая гамана аб’ядналі гасцей і жыхароў цэнтра. Час праляцеў неўпрыкмет. Пакідаючы гэты цэнтр, кожная з “сяльчанак” лічы пакідала часцінку свайго сэрца з гэтымі дзецьмі. І ніяк не хацелася верыць, што жанчына здольная весці такі лад жыцця, калі яе крывінка адыходзіць на другі план. Адзінае супакойвала, што кожны чалавек мае шанц змяніцца. Хочацца маліцца за такіх жанчын, каб дурман адышоў з іхніх сэрцаў – такім пачуццём надзеі былі напоўнены сэрцы “сяльчанак” пры развітанні.
В. ПРОНІНА.

Добавить комментарий