Названы пераможцы

Раённы конкурс “Лепшы ветэранскі падворак”, які быў ініцыяваны райсаветам ветэранаў вайны і працы ў рамках раённай праграмы па падтрымцы ветэранаў, закончыўся. Напрыканцы мінулага года члены журы, у склад якога ўвайшлі не толькі члены прэзідыўма райсавета ветэранаў вайны і працы, а і дырэктар раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, галоўны рэдактар райгазеты, падвялі вынікі. Напомнім, што члены журы наведалі тыя ветэранскія падворкі, якія рэкамендавалі для ўдзелу ў конкурсе старшыні сельвыканкамаў.
Падвядзенне вынікаў праходзіла ў атмасферы калегіяльнасці і адзінадушнасці. У выніку першыя два месцы падзялілі паміж сабой Е. С. Разганава з вёскі Прудок і Т. С. Сазонава Т. С. з вёскі Лецягі.
Другое месца прысуджана А. Д. Кіраёнак з аграгарадка “Лясная” і Т. Е. Хлусковай з горада Слаўгарад. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой Н. І. Іванчанка з Васькавіч і М. А. Аўчыннікаў з вёскі Міхайлоў. Кожны з пераможцаў узнагароджаны каштоўным падарункам, якія ўжо некаторым з іх уручаны. Члены журы пабывалі ў чацвер у вёсцы Прудок, у Евы Сяргееўны Разганавай, якая стала пераможцай конкурсу. Былі ўражаны аздобай дома ў навагодняй тэматыцы, а што датычыцца чысціні і парадка на гэтым падворку – то гэта стала своеасаблівым брэндам Евы Сяргееўны і яе дзяцей, якія лічаць за гонар і адначасова за адказнасць удзяляць сваёй матулі па-максімуму любові і клопату.
Пабывалі і ў Міхайлове, дзе ветэран вайны М. А. Аўчыннікаў прасіў дапамогі з ацяпленнем дома. У той жа дзень мы звязаліся па тэлефоне з начальнікам РЭСа А. П. Латушкіным і папрасілі наведаць ветэрана і высветліць магчымасць пераводу дома на электраацяпленне.
Уручылі падарунак і Т. Е. Хлусковай, затрымаўшы лішні раз свае позіркі па дагледжанасці дома. У вёсцы Васькавічы гаспадыня дома распавяла пра вялікую гаспадарку на падворку, што дазваляе быць штодня пры справе.
Толькі ў Лясную і Лецягі ў той дзень не даехалі. Але ж падарункі абавязкова будуць уручаны і гэтым пераможцам.
Віншуем пераможцаў конкурса! Маладым гаспадарам хочацца сказаць наступнае: руплівасць гэтых паважаных людзей вартая пераймання!
НА ЗДЫМКУ: А. А. Мартынаў, старшыня райсавета ветэранаў, уручае Е. С. Разганавай падарунак.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий