Прычыны банальныя – п’янства

Напрыканцы мінулага месяца і, адпаведна, года прайшло чарговае пасяджэнне раённай камісіі па каардынацыі работы па папярэджванню гібелі людзей на пажарах. Пад кіраўніцтвам С. А. Езерскай, намесніка старшыні райвыканкама і старшыні гэтай камісіі былі разгледжаны актуальныя пытанні. З інфармацыяй аб папярэджванні пажараў і гібелі людзей на іх выступіў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Мурачоў. Як паведаміў выступоўца, у рэспубліцы ў 2012 годзе адбылося 7210 пажараў, у якіх загінула 934 чалавека, з іх 14 – дзеці. І хаця гэта на 1 тысячу пажараў меней, чым у 2011 годзе, праблема востра стаіць у рэспубліцы. Бо толькі з 22 па 25 снежня адбылося 43 пажары, у якіх загінула 13 чалавек. У нашым раёне ў мінулым годзе зарэгістраваны 20 пажараў, што на 2 пажары больш, чым у 2011 годзе. 2 чалавекі загінулі ў 2011 годзе, 1 – у 2012. Трагедыі са смяротным зыходам адбыліся ў Васькавіцкім і Гіжэнкаўскім сельскіх Саветах. Як прагучала, 80 працэнтаў пажараў адбыліся па прычыне злоўжывання алкаголем і затым неасцярожнага абыходжання з агнём, курэннем у ложку.
Як зазначыла старшыня камісіі, аглядавыя камісіі, якія створаны пры райвыканкаме і сельвыканкамах, не цалкам выканалі сваё прызначэнне. У выніку вырашана было ўзяць усе аб’екты, дзе праходзяць навагоднія мерапрыемствы, пад кантроль, з тым каб не дапусціць там пажараў. А гэтаксама ў студзені арганізаваць Дні прафілактыкі ў кожным сельскім Савеце з удзелам зацікаўленых структур. Пры гэтым звярталася ўвага і на такі прафілактычны крок як дэманстрацыя дакументальных фільмаў на супрацьпажарную тэматыку.
В. ПРОНІНА

Добавить комментарий