Якія мы — беларусы?

Якія мы – БЕЛАРУСЫ? Якімі былі ў мінулыя стагоддзі? Якімі пачуваем сябе ў новым ХХІ стагоддзі? Пра талерантнасць і лагоднасць беларускага народа мы чуем амаль з самага маленства. Ворагі майго народа, апазіцыянеры рознага кшталту і гатунку, якія найперш спадзяюцца на шалёныя грошы ўсялякіх заморскіх дзядзькоў і цётачак, дадаюць сюды і пасіўнасць, і апатычнасць, і недастатковую рашучасць, і скрытнасць, і кансерватыўнасць, і недаверлівасць, і няўпэўненасць у сваіх здольнасцях і сілах, і спрадвечную пакорлівасць, і празмерную залежнасць ад волі і думак іншых, асабліва вышэйстаячых… Аднак, не ўсё так проста і прамалінейна, панове!.. Адно бясспрэчна: мой народ ніколі не быў непаўнацэнным, неразвітым. А добразычлівасць, дабрыня, гасціннасць, мужнасць майго народа – гэта проста ў крыві нашай нацыі.
Заўважу, што на фарміраванне якасцей нашых продкаў накладвалі значны адбітак і шматлікія трагічныя падзеі ў гісторыі Беларусі, і асаблівасці яе сацыяльна-палітычнага, эканамічнага, культурна-духоўнага развіцця, і геапалітычнае становішча нашай Бацькаўшчыны на мяжы двух моцных неспрыяльных уплываў — усходніх і заходніх, якія круцілі і гвалцілі душы і сэрцы нашых папярэднікаў. Скажу больш: надзвычайная памяркоўнасць, лагоднасць беларусаў нярэдка шкодзіла ім, бо гэтую асаблівасць народнай душы ўмела выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах і польскія, і расійскія ўлады. А беларускі народ, спакойны і спагадлівы, нярэдка моўчкі пераносіў глумленне над сваёй мовай, культурай і нярэдка ўспрымаў з пакорай і паслухмянасцю чужацкую ўладу.
Янка Купала ў вершы «Беларушчына» праўдзіва і дакладна паказаў адносіны да беларускага народа ў мінулым:
“I круцілі цябе, як каму
падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе
на свой строй, на свой лад,
Ажно часам жальба, як кляцьба,
разлягалася
Ды нячутай ляцела, уміраючы,
у грудзі назад…”
Аднак беларусы ніколі не вызначаліся павышанай агрэсіўнасцю і варожасцю нават да сваіх ворагаў-захопнікаў. Менавіта агіда да гвалту – вось вельмі характэрная рыса майго народа, якой і сёння любяць спекуляваць розныя дзялкі і манкурты. У характары беларусаў ёсць і схільнасць да разважнага вырашэння ўсіх жыццёвых праблем, да кампрамісаў, каб заўсёды былі ўзаемаразуменне і згода (прыгадаем прыказку: «Згода будуе, нязгода руйнуе»). Так жылі нашы дзяды – менавіта гэтае маральнае правіла таксама стала істотным у паводзінах і справах майго народа. І тут жа другая прыказка: пана слухай, а свой розум май! Вялікая сіла – думка народная. Гэта таксама заўсёды ўлічваў мой народ.
Бясспрэчна і тое, што шматвяковыя прыцясненні і здзекі, яўнае ці скрытае глумление над айчыннай культурай і мовай, доўгатэрміновыя паланізацыя і русіфікацыя значна сказілі менталітэт беларусаў. Распаўсюджвалася думка і пра тое, што беларуская мова ёсць мова «халопская», «мужыцкая», «сялянская», якая нібыта ўвогуле не мае будучыні.
Сябры! Прачытайце таленавіты твор Максіма Гарэцкага – аповесць “Дзве душы”. Тут класік роднай літаратуры скрупулёзна аналізуе духоўную раздвоенасць немалой часткі беларускай інтэлігенцыі, што выйшла з вёскі, з народных «нізоў», але ўзгадаваная на расійскай культуры, у рускамоўным асяроддзі, так і не змагла нацыянальна самавызначыцца і стаць на шлях сапраўднага змагання за лепшую будучыню сваёй Бацькаўшчыны.
Вось і атрымалася ў нашым лёсе – з народу інтэлігенты выйшлі, але ў народ многія так і не вярнуліся, здрадзіўшы яму… У выніку назіралася сапраўдная трагедыя нацыянальнага духу беларусаў. І для сваёй Радзімы, Айчыны такія людзі, кажучы словамі аднаго з герояў знакамітай п’есы Я. Купалы «Тутэйшыя» былі «вялікае нішто» і засталіся «вялікім нічым»…
Многія беларусы перасталі ўсведамляць свае ўласныя карані, сваё кроўнае, пачалі пагардліва ставіцца да роднай культуры, мовы. I ўсё ж, нягледзячы на ўплыў неспрыяльных фактараў, наш спакойны і цярплівы народ у большасці мужна прайшоў свой крыжовы, пакутлівы шлях і ў значнай меры не паддаўся штучнай асіміляцыі, нівеліроўцы, захаваў некаторыя свае адметныя рысы — традыцыйныя абрады, мову, фальклор, самасвядомасць і г. д. Мы не сталі манкуртамі, касмапалітамі, людзьмі перакаці поле, без роду-племя…
Мы, нягледзячы ні на што, заўсёды жылі сваім нацыянальным жыццём, мы не перасталі быць самімі сабою, народам са сваім гістарычным мінулым. І нават тая ж кансерватыўнасць беларусаў падчас штучнай асіміляцыі, паўсюднай уніфікацыі, вынішчэння ўсяго нацыянальна-спецыфічнага дазваляла нам усё ж трымацца ўласных каранёў, не адракацца ад сваіх старадаўніх традыцый, звычаяў, захоўваць сваё аблічча, сваё ўнікальнае «я». І я лічу, што менавіта як своеасаблівы імунітэт на пастаянныя намаганні «дабрадзеяў» з усходу і захаду навязаць беларусам свае погляды, стыль жыцця і вынікае наша адвечная насцярожанасць, замкнёнасць. Але калі да беларуса падысці з адкрытай душой, без злосных намераў, то ён адразу ж пакажа і сваю даверлівасць, і прыродны розум, і вострую назіральнасць, і традыцыйную гасціннасць. І геніяльныя сыны і дочкі майго народа – пісьменнікі, мастакі, філосафы, гісторыкі, артысты – заўсёды былі ўпэўнены, што мы з’яўляемся ваялікім народам, бессмяротнай нацыяй, якая мае сваю багатую і змястоўную гісторыю, непаўторныя культуру, самую прыгожую ў свеце мову – мілагучную і спеўную.
Мне падаецца, што лепшы сродак прывіць дзецям любоў да Айчыны заключаецца ў тым, каб гэтая любоў была ў бацькоў. Радзіма – гэта ўсё… Гэта адчуванне гонару за мінуўшчыну нацыі і прадчуванне зайздроснай будучыні, якой мой народ не аддасць ніякім заморскім акулам ды кракадзілам…
Наша беларуская любоў да Айчыны, аднак, гэта не нейкае маленькае пачуццё таго самага куліка, які, нічога не бачачы вакол, толькі ўласнае балота нахвальвае. Мы любім сваю Бацькаўшчыну, але пры гэтым з павагай ставімся да іншых нацый і народаў, не ўмешваемся ў іх справы, палітыку.
Лічу, што на планеце Зямля наогул няма і не можа быць малых народаў. Ніводзін народ у свеце не адораны нейкай здольнасцю пераважна перад іншымі. А вялікасць народа зусім не вымяраецца колькасцю яго насельніцтва, падобна таму, як вялікасць чалавека не вымяраецца яго ростам. Розум і мудрагелістасць – адзіная мерка. Вялікі народ – найперш той, які падае вялікі прыклад. Такі класічны прыклад дабрыні, спагады, чуласці, гасціннасці, а калі трэба мужнасці і гераізму спрадвек падаюць іншым народам беларусы ды й беларусачкі.
К. КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий