Шанаванне ва ўсходніх славян

Кіеўскі князь Уладзімір пры хрышчэнні атрымаў імя Васілій у гонар Вялікага свяціцеля. Таму з хрысціянізацый ўсходнеславянскіх земляў да нашых продкаў прыйшло глыбокае шанаванне гэтага святога. Старажытныя Васільеўскія храмы існавалі ў Кіеве і іншых гарадах, у тым ліку на землях сучаснай Беларусі. Былі створаны іконы і фрэскі святога. Адзін з даўніх народных абразоў мне даводзілася ў юнацтве бачыць у нашым краі.
Імя Васілій (Васіль) з”яўляецца адным з самых распаўсюджаных. Даўнейшая форма гэтага імені Васко, Васька не была размоўнай, стылёва “прыніжанай”, як зараз. Яна часта адзначаецца ў гістарычных актах Прапойшчыны XVI-XVII стагоддзяў. Нашчадкі – дзеці і ўнукі – аднаго з невядомых нам Васілёў заснавалі ў нашым краі прыгожую вёску з назвай Васькавічы.
На Прапойшчыне прайшлі юнацкія гады Васіля Грыгаровіча, старэйшага брата знакамітага Івана Грыгаровіча. Васіль стаў манахам, быў рэктарам Магілёўскай духоўнай семінарыі, пазней – Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Дасягнуў ступені епіскапа. Пра гэтую асобу айчыннай гісторыі можна распавесці шмат цікавага, што мы зробім, спадзяюся, іншым разам.
У “Васільеў дзень” 190 гадоў таму нарадзіўся святарскі сын Васіль Грэчулевіч. Дзясяткі гадоў ён служыў у Пецярбургу, выдаваў хрысціянскі часопіс “Странник”. У 1882 годзе гэты чалавек з манаскім імем Віталій быў прызначаны епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім. Дзякуючы яму ў 1883 годзе выйшлі ў свет “Магілёўскія епархіяльныя ведамасці”, а на Прапойшчыне, як і па ўсёй епархіі, адчыніліся царкоўнапрыходскія школы.
Шанаванне святога Васілія Вялікага больш за тры стагоддзі звязана з сустрэчай Новага года. Вячэра напярэдадні называлася “шчодрай”, або “тоўстай” калядой. Дзеці і моладзь позна ўвечары хадзілі шчадраваць, спяваць песні, выказваць гаспадарам добрыя пажаданні і віншаванні. Адну са шчадровак трыццаць гадоў таму мне ўдалося пачуць і запісаць на Слаўгарадчыне. Яна з”яўляецца варыянтам вядомай на Беларусі і Украіне калядкі “Добры табе вечар, пане-гаспадару”.
Дзе-нідзе і сёння сустракаем старажытны абрад “засявання” у Васільеўскі дзень. Дзеці ці дарослыя, адведваючы суседзяў і родзічаў, прыносяць жменю зерня, крупаў і пасыпаюць хату з адмысловымі словамі-зычэннямі: “Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю, каб вашая хата стаяла багата”.
І вас, дарагія чытачы, сардэчна віншую са святамі Нараджэння Хрыстовага і Новым годам! Жадаю ўсім духоўнай мудрасці, моцнага здароўя, радасці і дабрабыту. Рабіце дабро, і яно, памножанае, абавязкова вернецца да вас!
Протаіерэй
Георгій САКАЛОЎ.

Добавить комментарий