Адбылася шчырая размова

У аўторак давялося ўстаць вельмі рана і пакласціся вельмі позна. І на тое была нагода – удзел у прэс-канферэнцыі, якую праводзіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі.
Дарога ў Магілёў, а затым разам з пішучай братыяй вобласці і ў Мінск падалася не зусім лёгкай. Але ж кампенсацыяй стала і такая акалічнасць: убачыць сваіх калег з усёй Беларусі, абмяняцца думкамі па праблемных момантах, звязаных з выпускам газеты.
Прэс-канферэнцыя праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Прыемным момантам яе стаў і такі факт: на працягу апошніх двух год у такіх мерапрыемствах прымаюць удзел і галоўныя рэдактары рэгіянальных СМІ.
Усяго ж у прэс-канферэнцыі прыняло ўдзел больш за 350 журналістаў з 285-ці выданняў. Апроч прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ ў мерапрыемстве ўдзельнічалі журналісты незалежных і апазіцыйных выданняў, якія задавалі іншым разам і вострыя пытанні.
Напачатку Прэзідэнт Беларусі запрасіў пабудаваць размову не ў традыцыйным фармаце пытанне-адказ, а настроіцца на зацікаўленую дыскусію. І яна, калі шчыра казаць, адбылася літаральна па ўсіх накірунках жыццядзейнасці нашай краіны. Увогуле трэба зазначыць, што тэмы, па якіх адбылася размова падчас прэс-канферэнцыі, складана нават акрэсліць. Адно, што вынесла з гэтай канферэнцыі, Прэзідэнт сваёй упэўненасцю ў праводзімай палітыцы пасяліў гэткую ж упэўненасць у залы. І яшчэ – адказнасць за будучае Беларусі.
Больш за 50 пытанняў задалі журналісты за 5 гадзін дыялога. Перадаць адказы на ўсе іх складана і адначасова немагчыма, а вось пра атмасферу даверлівасці, якая панавала ў зале, нельга не адзначыць. Яна была шчырай і адкрытай па манеры еднасці. На мой погляд, такія мерапрыемствы дазваляюць пачуць, як кажуць, з першых вуснаў пра набалелае і шляхі іх вырашэння, пра будучае краіны, якое немагчыма без мадэрнізацыі вытворчасці, без духоўнага развіцця грамадства, без спартыўных здабыткаў і многага іншага, з чаго, зрэшты, складаецца жыццё краіны і яе насельнікаў. Прэзідэнт краіны не мінаў адказаў на вострыя пытанні і іншым разам ужываў пры адказах і гумар, што ўплывала на канструктыўнасць размовы. Інтарэс, з якім ехала на гэтае мерапрыемства, цалкам апраўдаўся. Бо на многае давялося паглядзець вачыма чалавека, у якога не бывае малых і вялікіх праблем, за ўсё, так бы мовіць, баліць душа і сэрца, які імкнецца гэткім аптымізмам зарадзіць усіх, хто колісь даверыў яму стаць Прэзідэнтам краіны пад назвай Беларусь.
В. ЕЗЕРСКАЯ,
галоўны рэдактар райгазеты “Прысожскі край”.

Добавить комментарий