І НАТХНЕННЕ, І ПРАЦА

Слова да аўтараў і чытачоў
Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым – адзіна верны шчыт.
І не знікаць паэтам вечна,
У вечнай песні жывучы.
У. Караткевіч
Другі этап нашага конкурсу не застаецца без увагі рупліўцаў паэтычнага слова. З’явіліся новыя імёны ўдзельнікаў. Радасна, што яны жыхары Слаўгарадчыны. Праявіла актыўнасць гарадская сярэдняя школа №1, пацвярджаючы свой статус найлепшай установы адукацыі раёна. Нарэшце далучыліся жыхары аграгарадкоў Лясная і Лапацічы праз Ірыну Фёдараўну Лявонаву і Любоў Уладзіміраўну Красоўскую. Таксама працягваюць творчы марафон Іван Верасень, Алесь Сакалоў, Міхаіл Чаканаў і Сяргей Залескі. Апошні, як вядома, стаў пераможцам першага этапа конкурсу сваім беларускамоўным вершам, але зараз прадставіў твор на рускай мове. Раскрыць “інкогніта” аўтар пакуль што не жадае.
Хочацца выказаць некалькі слоў аб вершах, што сёння пабачылі свет. Творчасць – не толькі натхненне, але і напружаная праца. Гэтая агульнавядомая фраза так і просіцца лейтматывам пры выказванні ўласнага адчування паэтычных радкоў.
Кожны з прапанаваных твораў мае сваё аблічча, у якім побач з пэўнымі знаходкамі ёсць нямала таго, што патрабуе ўдасканалення. Удзельнікі конкурсу, пераважна, аматары. Аднак да ўсіх без выключэння, шаноўныя, адносяцца патрабаванні ідэі верша, паэтычнай вобразнасці, памеру, структуры, рыфмы і рытму. Тым больш што ўдзельнікі належаць да сталай катэгорыі. Сталасці без адказнасці не бывае.
Напісаць верш у працяг прапанаванага радка няпроста. Наша свабода творчасці ўжо пастаўлена ў пэўныя рамкі зададзеным вершаваным памерам і словам для рыфмы. Таксама трэба стварыць вобраз, абапіраючыся на першы сказ, у якім аўтар выдзяляе слова (словазлучэнне) з лагічным націскам. Выбару нямнога. Тут гэта ратнае поле. Адразу ж “просіцца” антытэза: поле бітвы – мірнае поле, на якім сёння вырошчваем збожжа і бульбу. Аўтары выкарысталі гэткі падыход. Сярод іх якасна вылучаецца верш Івана Верасня. Звярніце ўвагу на яркі і адначасова нявыдуманы вобраз поля. Сапраўды, ужо больш за тры стагоддзі ляснянцы знаходзяць у раллі рэшткі зброі. Свінцовыя кулі здаўна выкарыстоўваюць рыбакі для грузілаў. Сялянскі розум і рукі стараліся пераасэнсаваць і прыстасаваць смертаноснае начынне для гаспадарчых патрэб. Не заўсёды гэта ўдаецца, і тады людзі адмаўляюць знаходкам у праве быць карыснымі (“закіну ржавую жалезку далей ад баразны ў мяжу”). Моцна, натхнёна і недэкларатыўна сцвярджае аўтар перавагу мірнай, стваральнай дзейнасці: “Тут, у Лясной, на ратным полі плуг над гарматай перамог”. Тыя, хто знаёмы з Бібліяй, адразу ўспамінаюць словы старажытнага прароцтва: ”Надыдзе час, калі людзі перакуюць мячы свае на плугі”.
У традыцыях грамадзянскай паэзіі выказаўся Міхаіл Чаканаў. З болем піша аб негатыве, які сустракаецца ў жыцці, і адразу пераходзіць да стваральных і спагадлівых слоў. Не проста надакучлівае маралізатарства я бачу ў прапанаваным вершы, а ўсведамленне агульнай адказнасці і неабходнасці сумеснай працы. Гэта надзвычай важна.
Аб “тэхнічных” характарыстыках вершаў. Тут найбольшую ўвагу мушу ўдзяліць рыфме. А яна бывае трапная, але сустракаецца і “бясколерная”, “зацёртая” ад частага ўжывання (зямлі – жылі (прайшлі, знайшлі), полі – волі (прыволлі, раздоллі), гарады – гады). Лёгка рыфмуюцца дзеясловы, але злоўжыванне імі збядняе верш. Яшчэ больш псуюць творы няўдалыя пары, якія зусім не рыфмуюцца (адпор – кроў, душы – маглі, пячы – расціць). Аднак у цэлым падобныя вершы “выратоўвае” рытміка, вобраз або ідэя. Гэтаксама і ў нашай падборцы.
Адпаведнасць вершаваным памерам – не апошняя справа ў творчасці. Успамінаецца іранічная заўвага А.С. Пушкіна ў “Яўгеніі Анегіне”: “Не мог он ямба от хорея, как мы ни бились, отличить”. Вастрыня іроніі не ў тым, што хтосьці блытае назвы паэтычных памераў. Горш, калі пачатковец спрабуе пісаць вершы, нягегла будуючы строфы, ігнаруючы памеры. Нічога добрага з гэтага не атрымоўваецца. Таму пры падрыхтоўцы да друку некаторыя прапанаваныя творы прыйшлося “абчасаць” і нават скараціць у выпадках, калі аўтары вольна абышліся з нормамі вершаскладання.
Найбольш прывычныя, распаўсюджаныя чатырохрадковыя строфы і двухрадкоўі. Іншыя канструкцыі вымагаюць паэтычнага майстэрства (успомнім “анегінскія строфы” А.С. Пушкіна, санеты, трыялеты, актавы, рандо, акравершы Максіма Багдановіча і шмат чаго іншага). Таму ўвагі заслугоўвае структура верша Алеся Сакалова: 7 радкоў, 6 радкоў, 8 радкоў. Здаецца, што складзена немудрагеліста, а на справе так напісаць верш няпроста. Заўважная рытміка верша С. Залескага. Яна, хутчэй за ўсё, адпавядае творчым перавагам аўтара, бо такой жа будовы верш з першага этапа конкурсу.
Падводзячы рысу, яшчэ раз зазначу: поспех прыходзіць з працаю. Старайцеся, і ў вас абавязкова атрымаецца. Не палохайцеся памылак і няўдач, яны загартоўваюць характар і дапамагаюць набыць каштоўны вопыт. Не крыўдзіцеся на заўвагі, бо заспакоенасць – найпершы вораг творчасці. Не бойцеся “паўтарыцца”, якім бы ні быў паўтор, калі ён не плагіят, то добры і вельмі важны паказчык творчага росту. І няхай у гэтым вас натхняюць узнёслыя радкі Уладзіміра Караткевіча, невыпадкова пазначаныя як эпіграф да сённяшняга агляду.
Конкурс працягваецца. Чакаем новых твораў.
З павагаю і пажаданнямі паэтычных поспехаў,
протаіерэй Георгій САКАЛОЎ.

Добавить комментарий