Уручаны ордэны Маці

IMG_1358
Штогод у нашым раёне адбываецца ўшаноўванне жанчын, якія нарадзілі пяцёра і больш дзяцей. На дзяржаўным узроўні і пры высокай галоснасці. Вось і ў мінулую сераду кіраўнік раёна У. П. Даніленка выканаў прыемную місію – уручыў двум матулям ордэны Маці.
Гэткім чынам дзяржава выказала падзяку Наталлі Адамаўне Сяўровай, жыхарцы г. Слаўгарада, і Алене Аляксандраўне Папковай, жыхарцы вёскі Вялікая Зімніца, за мацярынства, узведзеныя ў ранг мнагадзетнай сям’і.
У адной і другой сем’ях выхоўваецца па пяцёра дзяцей. У сям’і Сяўровых – тры сына і дзве дачкі, у Папковых – 4 дачкі і сын.
Як зазначыў Уладзімір Пятровіч, уручаючы жанчынам ордэны, праца маці – гэта бяссонныя ночы і штодзённы клопат аб здароўі і выхаванні дзяцей. І вельмі прыемна, што поруч з Наталляй Адамаўнай і Аленай Аляксандраўнай гэтым клопатам жывуць і іхнія мужы – Сяргей Аляксандравіч і Анатоль Ігнатавіч.
Пад апладысменты прысутных на ўрачыстасці жанчыны прымалі і кветкі ад кіраўніка раёна. Зазначыць хочацца і такую акалічнасць: наколькі гэтыя жанчыны былі прыгожымі ў гэты момант. І ўпрыгожвалі іх не столькі прычоскі і адзенне, колькі іскрыстыя шчаслівыя вочы, якія могуць быць толькі ў шчаслівых жанчын. І той факт, што ў іхніх сем’ях усё ладзіцца як след, хіба толькі пацвярджаў прапісную ісціну – шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну.
Хочацца пажадаць, каб пра гэтыя сем’і яшчэ не раз пісала і наша газета. Бо заўсёды імкнецца перадаць вопыт моцных сем’яў. Гэтага правіла будзем прытрымлівацца і надалей.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий