ДЗЕНЬ МУЧАНІЦЫ ТАЦЦЯНЫ

У першыя тры стагоддзі нашай эры хрысціянства знішчалася Рымскай імперыяй. Многія вернікі перацярпелі тады катаванні і смерць. У царкоўным ужытку іх называюць мучанікамі. Памяць мучанікаў па традыцыі глыбока шануецца нашым народам. У ліку іх дзень святой мучаніцы Таццяны 25 студзеня.
Дачка консула – аднаго з самых высокапастаўленых чыноўнікаў старажытнага Рыма – Таццяна жыла ў першай палове III стагоддзя. Атрымала выдатную адукацыю і цудоўнае выхаванне ў сям”і. З маладосці Таццяна звязала свой лёс з дзейнасцю хрысціянскай абшчыны роднага горада. Яна дапамагала бедным і хворым жанчынам, а жадаючых рыхтавала да хрышчэння. Па даносе была арыштавана ўладамі, бо хрысціян тады прыраўнівалі да дзяржаўных злачынцаў. Таццяна мужна перацярпела здзекі і катаванні, але не адмовілася ад веры. Прыкладна ў 265 годзе яна была забіта разам з бацькам і некаторымі сваімі паплечнікамі.
Ва ўсходніх славян памяць мучаніцы Таццяны пашырылася ў XVII стагоддзі. Імя святой ахвотна накладалі дочкам і прадстаўнікі знаці, і сяляне. Асаблівае шанаванне Таццянінага дня ўстанавілася праз 100 гадоў. У 1724 годзе імператар Пётр I на Таццянін дзень заснаваў Санкт-Пецярбургскую Акадэмію навук. Імператрыца Елізавета Пятроўна ў 1755 годзе, зноў жа ў Таццянін дзень, падпісала ўказ аб стварэнні Маскоўскага ўніверсітэта. Неўзабаве ў Маскве быў пабудаваны Таццянін храм, які захаваўся да нашых дзён. Прастольнае свята акадэмічнай царквы стала невучэбным днём. Пагэтаму Таццянін дзень быў абвешчаны днём студэнтаў спачатку ў Маскве, потым у Расіі і духоўна блізкіх да яе краінах.
На Слаўгарадчыне нямала жанчын і дзяўчат носяць імя святой Таццяны. Многія з іх сваімі здольнасцямі і працаю ўпрыгожваюць наш край. Гэта: Т.П.Кананчук, Т.Р.Кухарава, Т.Ф.Календарова, Т.А.Гурына і многія-многія іншыя. Усіх вас, нашы цудоўныя Таццяны, сардэчна віншуем з імянінамі! Жадаем у добрым здароўі, радасці і шчасці крочыць па жыцці. Вы нарадзіліся пад светлымі зоркамі і годна апраўдваеце высакароднае імя, дадзенае вам бацькамі ў гонар вялікай падзвіжніцы хрысціянства.
Протаіерэй
Георгій САКАЛОЎ

Добавить комментарий