Планы амбіцыйныя, але рэальныя – такім быў вердыкт жанчын, аб’яднаных «Сяльчанкай»

IMG_1648
На бягучым тыдні члены грамадскай арганізацыі «Сяльчанка», якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», сабраліся ў зале пасяджэнняў аддзела адукацыі райвыканкама з мэтай падвядзення вынікаў і вызначэння накірункаў дзейнасці на бягучы год.
Са справаздачай за перыяд свайго кіравання – гэта красавік-снежань 2012 года – выступіла старшыня арганізацыі Г. М. Ермакова. Яе выступленне суправаджалася слайдамі, якія ў большай ступені былі ў цікаўнасць тым, хто зусім нядаўна стаў членам «Сяльчанкі». Пастаянным жа «сяльчанкам» гэткая канцэнтрацыя напрацовак хіба дазволіла пераканацца, што плён ад гэтага аб’яднання ёсць. І ён, як прагучала ў справаздачы, найперш каштоўны тым, што з 12 інвестыцыйных праектаў, пра якія заявілі «сяльчанкі» на ўзроўні галандскіх партнёраў, 10 атрымалі адабрэнне. І зараз у арганізацыі ёсць свае, так бы мовіць, кандытары, бо займелі па праекту цуда-печку; адна з жанчын ушчыльную занялася шыццём, бо з дапамогай праекта набыла швейную машынку; ёсць і такія, хто заняўся дзякуючы праекту развядзеннем авечак і г.д. Карацей кажучы, вось такая рука дапамогі для 10 жанчын стала добрым падмуркам, каб стаць на рэйкі набытку ў фінансавым дабрабыце. І яшчэ: погалас пра справы арганізацыі выліўся і ў такім аспекце: шэрагі членаў арганізацыі растуць. На дзень нарады ў гэтай арганізацыі на ўліку 70 жанчын. Напомнім, што год таму ў «Сяльчанцы» было 50 чалавек.
Спынілася Галіна Мікалаеўна і на такім накірунку як аналіз дзейнасці клубаў па інтарэсах, якія былі нядаўна створаны. Ёсць набыткі, ёсць і што адкарэкціраваць у іхняй дзейнасці. І гэта было зроблена пры выпрацоўцы плана работы на бягучы год. Выступілі і тыя, хто пачаў сваю справу. І хаця гаварыць пра вялікія набыткі рана, але ж галоўнае – ёсць пачатак. І, як зазначыла адна з выступоўцаў, грамадская арганізацыя вызначаецца моцнай ініцыятывай кожнага яе члена.
Год пачаўся, планы вызначаны, справа за тым, каб усе яны сталі прадметам падтрымкі кожнай з «сяльчанак». Зрэшты, дзеля гэтага і з’явілася на свет «Сяльчанка».
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий