У 90-ы дзень Нараджэння

IMG_1662
3 лютага Ніна Паўлаўна Сталярова адзначыла свой 90-ы дзень нараджэння. Гэта была нядзеля, і віншаванні жанчына прымала ад сваіх блізкіх. А назаўтра да ветэрана вайны завітала прадстаўнічая дэлегацыя – старшыня райсавета ветэранаў вайны і працы, калегі па колішняй працы – санстанцыі. Восем год таму Ніна Паўлаўна пахавала свайго спадарожніка жыцця. З таго часу пражывае адна. Але не скажаш, што тут спынілася жыццё. У доме дагледжана як звонку, так і знутры. І, як зазначыла Ніна Паўлаўна, па гаспадарцы ёй дапамагае сацыяльны работнік Вольга Аляксееўна Кітовіч. І кожны яе прыход для Ніны Паўлаўны ператвараецца ў пад’ём настрою.
—Ёсць з кім і пагаварыць, бо адзінота – самае страшнае, што адчуваеш у свае гады, — зазначае юбілярша.
Шмат гаварылі і ўспаміналі час, калі Ніна Паўлаўна працавала памочнікам урача-бактэрыёлага санстанцыі. З таго часу прайшло больш за 30 год. Але ж і сёння адзначаецца яе колішні прафесійны падыход да дома і сябе.
Закранулі і тэму ваеннага часу, калі маладая дзяўчына была медсястрой у партызанскім атрадзе. Здавалася, сваёй сустрэчай мы вярнулі сталую жанчыну да маладосці. І няхай на імгненне, няхай у памяці, але ж пачулі пры гэтым:
—Я б з задавальненнем пайшла на працу, у свой калектыў. На жаль, ногі зусім слабыя, дый і зрок далёка не той…
Пры ўсім тым “раёнка” ляжала на стале і, як зазначыла ветэран, “менавіта праз яе даведваюся пра жыццё раёна. Кожны нумар газеты чакаю як добрага сябра”.
Ну што тут сказаць. Толькі адно: дзякуй за такую адданасць газеце. Старшыня райсавета ветэранаў вайны і працы А. А. Мартынаў і в. а. намесніка галоўнага санітарнага ўрача раёна Н. С. Прасянцова, яе калегі павіншавалі Ніну Паўлаўну з юбілеем і ўручылі ёй падарункі, пажадалі моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму. На развітанне Ніна Паўлаўна падзякавала за цёплую сустрэчу і пажадала кожнаму з нас доўгіх год жыцця пры добрым здароўі.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий