ЗАХАВАНАЯ СПАДЧЫНА

У Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі твораў старажытнабеларускага мастацтва. Для ўдзелу ў цырымоніі быў запрошаны і аўтар гэтых радкоў.
Звяртаючыся да прысутных, – а іх прыйшло ў музей больш за сотню – намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама В.А. Малашка зазначыў, што выстаўка невыпадкова арганізавана ў Магілёве, бо наш абласны цэнтр сёлета з’яўляецца культурнай сталіцай СНД. Для жыхароў і гасцей вобласці будуць праведзены многія цікавыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. У якасці нагляднага сведчання – гэтая экспазіцыя.
Супрацоўнікі музея паведамілі, што ўсе прапанаваныя для агляду творы належаць Музею старажытнабеларускага мастацтва, які дзейнічае пры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (г. Мінск). У Магілёў прывезена частка калекцыі ікон і скульптур XVIII стагоддзя. Яшчэ з 1970-х гадоў на Беларусі працавала экспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, падчас якой у Мінск былі дастаўлены многія творы мастацтва. Большасць з іх прайшла карпатлівую рэстаўрацыю. Затым творы пачалі экспанавацца ў музеі. Аб тым, што даведаліся навукоўцы пры вывучэнні і захаванні знойдзеных рарытэтаў, у адзін з дзён працы выстаўкі раскажа наведвальнікам дырэктар мінскага музея Б. Лазука, які не змог прыбыць на адкрыццё выставы. Аднак плануецца, што гэты візіт абавязкова будзе арганізаваны пазней.
Цэнтральным экспанатам выстаўкі з’яўляецца адрэстаўраваны фрагмент фрэскі канца XVIII стагоддзя (прыкладна 1799 года) са слаўгарадскай (прапойскай) царквы Нараджэння Багародзіцы. Рэстаўрацыю правёў Віктар Лукашэвіч. На жаль, захавалася невялікая колькасць (вузкая палоска) твора, якая не дазваляе рэканструяваць магчымы сюжэт. Гэты фрагмент фрэскі быў наклеены на спецыяльны матэрыял і вывезены ў Мінск летам 1978 года. І толькі амаль праз 35 гадоў фрэска вярнулася на Магілёўшчыну ў якасці музейнага экспаната.
Паколькі супрацоўнікі Магілёўскага музея не былі гатовыя падрабязней распавесці аб лёсе фрэсак і самой царквы, гэтая задача была ўскладзена на прадстаўніка Слаўгарадскага раёна.
Арганізатары плануюць, што выстаўка будзе працаваць у Магілёве на працягу двух месяцаў. Верагодна, што і жыхары Слаўгарадчыны пры жаданні наведаюць яе.
Асабіста зазначу, што нам трэба больш клапаціцца аб фрэсках у Слаўгарадзе. Людзі ідуць у музеі Мінска і Магілёва, каб паглядзець на невялічкі фрагмент. А ў слаўгарадскай царкве захавалася значная колькасць манументальнага жывапісу, які не мае аналагаў на Беларусі. Мастацкая каштоўнасць фрэсак узрастае ад гіпотэзы, што сярод іх аўтараў вядомы мастак У. Баравікоўскі. Так, творы патрабуюць рэстаўрацыі. Але і зараз аб іх можна гаварыць і пісаць гучней, актыўней запрашаць турыстаў. Тым больш, сёлета ў царквы юбілей – 220-годдзе асвячэння.
Протаіерэй Георгій САКАЛОЎ.

Добавить комментарий