…і турнір у памяць афганцаў

IMG_1753

IMG_1768

IMG_1778

IMG_1785

Фото0421

Больш за 20 гадоў мінула з таго часу як абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Афганістан. Гэта была доўгачаканая падзея. Пакінем гісторыкам, палітыкам рабіць высновы аб неабходнасці тых ваенных ліхалеццяў. Адно бясспрэчна – шмат маладых юнакоў паклалі свае жыцці ў той вайне, тым самым прынеслі маці, жонкам, сёстрам, родным і блізкім слёзы і гора.
Нямала і нашых суайчыннікаў ваявалі на той вайне, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Слаўгарадчына таксама не ўсіх сваіх сыноў дачакалася з Афганістана. Наш край таксама пазнаў у мірны час, што такое пакуты і боль страты родных на вайне. Таму кожны год 15 лютага мы ўспамінаем тую вайну. Воінаў, якія там ваявалі, гублялі здароўе, жыцці.
У раённай бібліятэцы ладзілася сустрэча вучняў першай гарадской школы з актывам раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане.
Сустрэча праходзіла ў форме лекторыя. Вядучыя зрабілі экскурс у гісторыю тых дзён. Нагадалі храналагічны ход падзей.
Мелі слова і ветэраны Афганістана. Складана ўявіць сабе нават, што ў такім даволі маладым узросце мужчыны ўжо з’яўляюцца ветэранамі. Чым тая вайна запомнілася, як даводзілася служыць у далечыні ад радзімы і расказвалі запрошаныя ветэраны.
Падмацоўваліся іх словы і відэафільмамі аб тых падзеях.
Напрыканцы сустрэчы гасцям былі ўручаны кнігі. А за кубкам гарбаты ветэраны вайны расказалі, за што ім былі ўручаны ўзнагароды.
Ужо ўвечары ў спартыўнай зале ДЮСШ праводзіліся фінальныя сустрэчы па міні-футболу, арганізаваныя цэнтрам фізкультурна-масавай і спартыўнай работы сумесна з раённай арганізацыяй ветэранаў вайны ў Афганістане. Чатыры каманды прынялі ўдзел у турніры, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Першая і другая гарадскія школы выставілі свае каманды. Таксама футбольныя каманды “Слаўгарад” і “Алімпія” змагаліся за перамогу.
Тры дні аматары футбола мелі магчымасць назіраць футбольныя баталіі.
Перамогу і пераходны кубак ад ветэранскай арганізацыі заваявала каманда “Алімпія”. СШ №2 была другой. Футбольная каманда “Слаўгарад” стала “бронзавым” прызёрам.
Арганізатары турніра выказваюць падзяку індывідуальным прадпрымальнікам: В. Мельнікавай, Л. Стральцовай, Н. Шэндзеравай, С. Нікіценка, В. Кузьміцкай, С. Драздовай, В. Ільіной, А. Зенькевіч, А. Фралянковай і Л. Суворавай, якія матэрыяльна падтрымалі арганізатараў турніра. Дзякуючы іх дапамозе турнір мае ўсе шанцы стаць традыцыйным. А каманды атрымалі памятныя падарункі і дыпломы.

Добавить комментарий