Малако: падведзены вынікі студзеня

У сераду прайшло пасяджэнне райвыканкама, на якім было разгледжана адно пытанне: арганізацыя работы ў жывёлагадоўчай галіне. Як зазначыў кіраўнік раёна У. П. Даніленка, разгляд малочных спраў на такім узроўні выкліканы тым, што студзень, на жаль, не стаў месяцам стартавага рыўка па вытворчасці і рэалізацыі малака ў цэлым па раёну. Толькі на 93,4% да мінулагодняга студзеня склала вытворчасць малака, рэалізацыя і таго менш – 91,2 працэнта. І з таварнасцю малака спрацавалі горш на 1,9 пункта. У чым прычына такой сітуацыі, якія меры трэба ўключыць, каб кардынальна выправіць малочныя справы ў лютым? Такое пытанне паставіў кіраўнік раёна перад прысутнымі на выканкаме спецыялістамі райсельгасхарча, старшынямі і галоўнымі спецыялістамі сельгаскааператываў.
На гэтыя пытанні адказаў начальнік райсельгасхарчу В. Л. Ануфрыеў у сваім дакладзе. Справаздача была пабудавана ў параўнаўчым аспекце з мінулагоднім студзенем. Што дазволіла ўбачыць, наколькі знізілі тэмпы вытворчасці і рэалізацыі малака УКСП “Прысожжа”, “Слаўгарад РАПТ”, СВК “Жалезінскі” і “Лясная”, па рэалізацыі – СВК: “Заранскі”, “Прывольны”, “Зімніца” і “Калгас “40 год Кастрычніка”. Найгоршыя справы па рэалізацыі малака ў райсельгастэхніцы (56,9%), СВК “Лясная” (66%), “Жалезінскі” (67,3%), УКСП “Прысожжа” (77,5%). І таварнасць малака ў вышэйназваных гаспадарках нізкая – 73,1%.
Як зазначыў галоўны аграрый раёна, менавіта нездавальняючая праца кіруючага звяна вышэйназваных гаспадарак прывяла да такіх “плачэўных” вынікаў. У разрэзе кожнай гаспадаркі гучалі прычыны недаатрымання прадукцыі. І як галоўная з іх – асабістая безадказнасць кіруючага эшалона ў вядзенні жывёлагадоўлі. Бо якое можа быць малако, калі палова дойнага статка мае атрафію вымені (ферма Лапацічы); калі нізкія сярэднясутачныя прывагі рамонтных цёлак (СВК “Лясная” і УКСП “Прысожжа”); калі прагулкі кароў не сталі нормай, а больш выключэннем і г.д.
Дапоўніла гэтае выступленне і дырэктар райплемстанцыі Г. М. Лаковіч, назваўшы шэраг недапрацовак, якія напрамую ўплываюць на ўзнаўленне дойнага статка. Нізкія прывагі цёлак (618 грамаў, што ніжэй мінулагодняга паказчыка і на 172 грамы ніжэй тэхналагічнага) напрамую ўплываюць на іх асемяненне. А прычына нізкіх прываг хаваецца ў парушэнні тэхналогіі кармлення і ўтрымання цёлак, а дзе і ў іх адсутнасці. А той факт, што на якасці малака губляюцца вялікія грошы чамусь не становіцца прадметам сур’ёзнага аналізу ў працоўных калектывах. Чаму? Бо толькі 150 мільёнаў не дабралі за студзень у УКСП “Прысожжа” на малацэ, бо здалі яго 5 тон другім гатункам, а СВК “Наша Радзіма” – 13 тон і 40 мільёнаў недабралі, 18 тон паступіла малака такім гатункам ад СВК “Заранскі” і г.д. Вось дзе рэзервы, вось дзе крыецца чалавечы фактар, за якім стаіць бескантрольнасць спецыялістаў.
Выступіў і галоўны ветурач раёна В. В. Штылёў з аналізам спраў у жывёлагадоўчай галіне. Назваў пралікі і недапрацоўкі, а таксама гаспадаркі, дзе выяўлены грубыя парушэнні ўтрымання і кармлення кароў. Прагучаў і такі вердыкт: па выяўленых парушэннях ветэрынарна-санітарных нормаў і правілаў утрымання, эксплуатацыі малочнатаварных фермаў Рэкта, Зімніца і Васькавічы падрыхтаваны матэрыялы для ўзбуджэння адміністратыўнага працэса ў адносінах вінаватых асоб.
Па крытычнай сітуацыі давалі тлумачэнні старшыні і галоўныя спецыялісты гаспадарак, у якіх склалася правальнае становішча з малаком. Гучалі абяцанні выправіць сітуацыю, гучалі і апраўданні, але галоўнага пры гэтым, на жаль, не давялося адчуць – клопату за калектыў, які даверыў весці за сабой. Бо пры такім раскладзе наўрад ці можна весці размову пра высокія здабыткі і, адпаведна, высокія заробкі. А менавіта з гэтага трэба пачынаць размову са сваім калектывам, беручы на сябе ролю першай скрыпкі ў аркестры вытворчых здабыткаў. Пакуль такі аркестр “грае” толькі ў некалькіх гаспадарках раёна.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий