На працу – як на свята

IMG_1809
Ганна Іванаўна АСТАПОВА працуе цялятніцай у СВК “17 партз’езд”. І робіць сваю справу такім чынам, што кожны яе гадаванец, а іх 60 галоў, прыбаўляе ў вазе штодзень па 700 грамаў.
У маі мінулага года яе працоўны стаж склаў 45 год. З іх ужо 16 год як на пенсіі. А ўсё пачыналася ў калгасе “Рассвет”. Так сталася, што па сямейных абставінах давялося пераехаць у Шаламы. Уладкавалася на працу ў мясцовую гаспадарку. Тут жа ў другі раз выйшла замуж, нарадзілася дачка Ларыса – радасць і гонар яе і мужа, Анатоля Васільевіча. Ларыса ўжо мае сваю сям’ю, вышэйшую адукацыю і жыве на Поўначы , у яе двое дзетак. Яе дачка ад першага шлюбу, Святлана, жыве ў Новаполацку, працуе кухарам. Дзеці – жаданыя госці для бацькоў.
Ганна Іванаўна – шчаслівы чалавек. Бо зрэдку можна пачуць, што на працу заўсёды ідзе як на свята. Здаецца, і гады ўжо бяруць сваё, але ж без працы яна не адчувае сэнсу жыцця. Да таго ж і дома вялікія “соткі” – гектар, дый і жыўнасць на падворку не з малых – карова, свінні, куры. І на ўсё хапае сіл. Жартуе пры гэтым такім чынам: мной заўсёды рухае слова “трэба”, калі б не яно, дык балячкі заявілі пра сябе ў поўны голас. Вось такой руплівіцы прысвоена званне “Лепшы аператар па вырошчванню буйной рагатай жывёлы старэй 6-месячнага ўзросту”. Як кажуць, па працы і пашана. Ганна Іванаўна з кагорты тых, хто да працы ставіцца з усёй адказнасцю. І гэтая рыса характару не можа быць не заўважанай і не адзначанай. Ганна Іванаўна будзе паўнапраўным членам дэлегацыі гаспадаркі, якая ў мінулым годзе спрацавала лепей за іншыя сельгаскааператывы раёна. І сваёй працай Ганна Іванаўна ўнесла важкі ўклад у агульную вытворчую скарбонку.

Добавить комментарий