Працуючы на перспектыву

IMG_1978
Міхаіл Валер’евіч ЯРМОЛЕНКА нарадзіўся і вырас на Слаўгарадчыне. Скончыўшы першую гарадскую, паступіў у Клімавіцкі сельгастэхнікум. Выдатнае яго заканчэнне дазволіла юнаку паступіць на трэці курс Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Ужо ў тыя часы яго цягнула да прыроды. Таму самаўдасканальвацца працягнуў у ВНУ у Расійскай Федэрацыі, дзе атрымаў спецыяльнасць “Охотовед. Ведение охотничьего хозяйства”.
Паралельна ў юнака праяўляліся і камерцыйныя здольнасці. І ўжо ў 2001 годзе ў раёне з’явілася першае камерцыйнае прадпрыемства УПВП “Сож”, спецыялізаванае на дрэваапрацоўцы.
Як адзначае Міхаіл Валер’евіч, дзякуючы кіраўніцтву раёна ім удалося набыць памяшканне непрацуючага карманарыхтоўчага прадпрыемства. І ўжо з 2006 года з’явілася таварыства з абмежаванай адказнасцю “СлавЛесИнвест”, якім і кіруе Міхаіл Валер’евіч. Ён, дарэчы, па выніках раённага спаборніцтва быў прызнаны лепшым індывідуальным прадпрымальнікам.
У 2006 годзе на прадпрыемстве працавалі толькі 15 чалавек. На сённяшні дзень тут працаўладкаваны 27 жыхароў раёна. “І гэта не ўсё, — падкрэслівае Міхаіл Валер’евіч. – У хуткім часе мы плануем працаўладкаваць яшчэ 7-10 чалавек. А магчымым гэта стала, у тым ліку, і дзякуючы набытым у 2012 годзе новай тэхніцы, абсталяванню.
Нават тое, што сярэдняя зарплата па прадпрыемству ў мінулым годзе склала 4 мільёны рублёў, сведчыць аб стабільнасці і перспектывах на рынку.
Дарэчы, ўся прадукцыя прадпрыемства рэалізуецца на ўнітарным рынку краіны. 90% — у Магілёве.
Нельга не адзначыць і, так бы мовіць, дабрачынную дзейнасць дырэктара прадпрыемства. Ветэраны Вялікай Айчыннай, інваліды, адзінокія пенсіянеры, шматдзетныя бясплатна атрымліваюць тут драўніну на ацяпленне. Згадзіцеся, што гэты невялікі на першы погляд крок у бок малазабяспечаных жыхароў заслугоўвае павагі.
А ў асабістым жыцці Міхаіл Валер’евіч таксама дасягнуў нямала. Мае жонку, траіх дзетак.
З задавальненнем займаецца спортам. Валейбол – даўно стаў яго любімым відам спорта.
Але галоўнае, чым займаецца ў вольны час, – гэта паляванне. У ім бачыць сваю другую натуру. Але браканьерства не ўспрымае ў прынцыпе. Шкадуе прыроду, бачыць у ёй святое.

Добавить комментарий