Вызначаць стратэгію — адказная справа

IMG_1855
Тамара Аляксееўна НІКІЦЕНКА, галоўны эканаміст СВК “17 партз’езд”, прызнана лепшай у раёне ў наменацыі “Лепшы эканаміст”. Нічога не скажаш, вартая Тамара Аляксееўна гэткага прызнання. Пры тым, неаднойчы яна выходзіла пераможцай раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшы эканаміст”.
Пра такіх, як Тамара Аляксееўна, хочацца гаварыць высокім эпітэтам, бо такіх працаўнікоў не так і шмат. А каб так “хварэць” за сваю працу – гэта ўжо, я вам скажу, асобая размова. Яна навылёт аперыруе лічбамі, за якімі стаіць эканоміка гаспадаркі. І гэтую адказную справу – выпрацоўку вытворчай стратэгіі гаспадаркі – выконвае больш за 25 год. Пасля заканчэння Бабруйскага сельгастэхнікума Тамара вярнулася на сваю радзіму. Тут жа стварыла сям’ю, уладкавалася на працу. І час стваральнасці пачаўся. Як зазначае Тамара Аляксееўна, тады, па маладосці, на ўсё хапала сіл. І сям’я, і хатняя гаспадарка, здаецца, даваліся на палёгкі. Сёння праца патрабуе больш увагі. І не толькі па прычыне ўзросту, далёка не так. Зараз гаспадарка набірае вытворчыя абароты, якія патрэбна суправаджаць эканамічнай стратэгіяй. А хто запярэчыць, што несці адказнасць – гэта элементарная справа?! Такога не бывае. Прыходзіцца разам з адказнасцю эканаміста браць на сябе і адказнасць чалавечую.
Суразмоўца Тамара Аляксееўна з тых, у якога многаму можна павучыцца. Яна аўтарытэт сярод сваіх калег, паважаны чалавек, да якога прыслухоўваюцца.
З вялікім задавальненнем убачыла прозвішча Тамары Аляксееўны сярод пераможцаў раённага спаборніцтва. Упэўнена, гэткія ж эмоцыі адчуваюць і яе калегі, працаўнікі гаспадаркі. Заўтра Тамара Аляксееўна будзе падымацца на раённую сцэну, каб у чарговы раз атрымаць узнагароду раёна за працу. Хочацца пажадаць гэтай светлай жанчыне яшчэ не раз быць у пераможцах па прафесіі і абавязкова па жыцці.

Добавить комментарий