“Я вельмі люблю зямлю”

IMG_1733
ЧУПРЫКАВУ Валянціну Ананьеўну, галоўнага агранома СВК “Лясная”, пераможцу раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшы аграном”, мала хто не ведае. І ўсё таму, што погалас пра яе прафесіяналізм і адказнасць заўсёды пацвярджаўся вынікамі. Гаспадарка традыцыйна мае неблагія намалоты зерня, дый і кармавыя рацыёны жывёлы балансуюцца тут дзякуючы добрым ураджаям у раслінаводстве.
Пасля заканчэння вучобы на агранома па размеркаванню трапіла ў вёску Лясная. Тады было 20 год, планы – мала што не напалеонаўскія. Але ж ведаючы настойлівасць Валянціны Ананьеўны, гэтыя планы з цягам часу ажыццявіліся. Стварыла сям’ю, якая запатрабоўвала ўвагі. Але ж на тое і маладосць, каб усяму супрацьпастаўляць сваю энергію і дасягаць вызначаных мэт. Ужо 26 год як яна працуе галоўным аграномам. Як зазначае Валянціна Ананьеўна, водар родных для яе ляснянскіх краявідаў яна б не змяніла ні на які іншы. З аднаго погляду на зямлю можа вызначыць, наколькі гэтая зямля багатая на ўрадлівасць. Гэта прыходзіць з гадамі. Як і аўтарытэт, павага, якія суправаджаюць гэтую прыветную жанчыну. А іхняму паразуменню са старшынёй гаспадаркі А. М. Камаровым многія зайздросцяць. Гэта тандэм з паўслова, з аднаго погляду на праблему. Як неяк зазначыў Анатоль Мікалаевіч, мне без Ананьеўны аніяк.
Сталася так, што жыццё падкінула праблему са здароўем. І тут апроч таго, што атулена сям’ёй, не пазбаўлена ўвагі і сваіх калег. Бо без яе ніхто і не вядзе размову на агранамічныя тэмы. І, як зазначыла Валянціна Ананьеўна, ні пра якую пенсію і думаць не збіраюся, бо прырасла душой і сэрцам да людзей, з якімі працую разам. Таму працаваць будзем з бласлаўленнем Божым.

Добавить комментарий