Сустэча стала не выпадковай …

DSC_0369
Два тыдні таму гэтая прыгожая пара (на здымку) узяла шлюб. Вяселле стала першым галоўным святам новаспечанай сям’і. Тры гады Аляксей і Марына правяралі свае пачуцці, вучыліся прыслухоўвацца і саступаць адзін аднаму. І ў рэшце рэшт зразумелі, што іх сустрэча была не выпадковай, яна прымусіла іхнія сэрцы стукаць ва ўнісон, і маладыя адчулі, што жадаюць быць заўсёды разам.
Тое, што Марына наканавана яму лёсам, Аляксей зразумеў, бадай, адразу як толькі ўпершыню ўбачыў гэтую дзяўчыну на дыскатэцы у РЦК і НТ.
—Яна мне вельмі спадабалася, — прызнаецца Аляксей, — і я быў упэўнены, што яна не з мясцовых. Аднак памыляўся. Проста мы вучыліся ў розных з Марынай гарадскіх школах. Дзіва, аднак нам з ёй не трапілася сустрэцца, калі былі школьнікамі. І толькі калі сталі студэнтамі і раз’ехаліся па розных гарадах, спаткалі адзін аднаго.
Адбылося гэта тры гады таму. На той момант Аляксей скончыў Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, атрымаў спецыяльнасць электрыка і праходзіў адпрацоўку ў СВК “Жалезінскі”. Марына ў гэты час набывала прафесію ў Горацкім педагагічным каледжы. Нейкі час дзяўчына нават не ведала, што ў яе з’явіўся таемны прыхільнік і не звяртала ўвагі на Аляксея. А хлопец закахаўся, але падысці і пазнаёміцца не рашаўся. Аднак з поля зроку Марыну не выпускаў: цікавіўся пра яе ў знаёмых,назіраў за ёй на танцах, а пасля, каб з ёй нічога не здарылася і яна шчасна дабралася да дому, ішоў неўпрыкмет за ёй. Не вядома, колькі б так працягвалася, каб непадробную цікавасць хлопца не заўважылі Марыніны сябры. Тут ужо і Аляксей, так бы мовіць, “паспеў” на знаёмства. Яго самастойнасць, выхаванасць, дабрыня, адзыўлівасць кранулі Марыну і яна не заўважыла, як таксама закахалася.
Большую частку часу яны праводзілі ў расстанні, бо Марына працягвала вучобу ў каледжы. Аднак здолелі зберагчы свае пачуцці, давяралі адзін аднаму.
У мінулым жніўні Марына скончыла вучобу і вярнулася ў Слаўгарад. Маладога спецыяліста цёпла сустрэлі ў першай гарадской школе, дзе яна працуе выхавальнікам групы падоўжанага дня. Аляксей, адпрацаваўшы два гады ў сельгаскааператыве, таксама перабраўся ў Слаўгарад і ўладкаваўся на працу па спецыяльнасці ў РЭС.
Цяпер нішто не перашкаджала закаханым быць разам, і яны пажаніліся. Пытання: дзе жыць, не ўставала – маладыя атрымалі двухпакаёвую службовую кватэру.
—У маім разуменні, — разважае Марына, — муж павінны быць галоўным у сям’і, каб кожную хвіліну я адчувала ягонае моцнае і надзейнае плячо. Менавіта такую надзейнасць і адказнасць я ўбачыла ў Аляксеі. І лічу, што мне пашанцавала. Але, безумоўна, мала стварыць сям’ю, трэба яшчэ гэты саюз штодзень мацаваць, быць надзеяй і апорай адзін для аднаго. І тут галоўнае, на мой погляд, паразуменне, давер і, канешне ж, каханне.
Сямейнае жыццё Кавалёвых толькі пачало свой адлік. Зразумела, што не абыйдзецца і без праблем, выпрабаванняў, але хочацца пажадаць маладым зберагчы свае трапяткія пачуцці, павагу і любоў. Няхай яны разам з вамі, Аляксей і Марына, крочаць па жыцці і штодзень мацуюць вашы сямейныя адносіны. У добры шлях, маладыя!
С. БЯЛЯЕВА.

Добавить комментарий