Падвялі вынікі, акрэслілі перспектыву

У мінулую пятніцу ў зале пасяджэнняў райвыканкама прайшла чарговая сесія райсавета дэпутатаў. У рабоце сесіі прыняў удзел кіраўнік раёна У. П. Даніленка .
Намеснік старшыні райсавета дэпутатаў С. У. Прачуханаў вёў пасяджэнне, на якім былі разгледжаны 14 пытанняў з жыцця раёна. Дамінавала пры гэтым першае пытанне павесткі – справаздачы заканадаўчай і выканаўчай улады па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў мінулым годзе. Справаздачы былі надрукаваны ў папярэднім нумары раёнкі, таму чытання дакладаў на сесіі не было. Дэпутацкі корпус адразу прыступіў да абмеркавання гэтых справаздач.
Намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская, дэпутат райсавета, зрабіла аналіз па сацыяльнай сферы, якую курыруе, агучыла планы на бягучы год. С. У. Прачуханаў, начальнік МПМК-274, намеснік старшыні райсавета, у сваім выступленні ахарактарызаваў мінулы год, які стаў у будаўнічай сферы годам нарошчвання аб’ёмаў і ў той жа час пошуку шляхоў удасканальвання прафесійнага майстэрства будаўнікоў, кадравага патэнцыялу прадпрыемства. Выказалі свае меркаванні і дэпутаты: А. І. Таранаў, старшыня праўлення райпа; начальнік раённага вузла электрычнай сувязі А. У. Мінін; М. М. Чумакоў – дырэктар Свенскай сярэдняй школы; В. А. Сівухін – старшыня Кабінагорскага сельвыканкама. Кожны з выступаючых пры гэтым даваў ацэнку рабоце дзвюх ветак раённай улады. Дэпутаты сышліся на такой – здавальняючая.
Выступіў на сесіі і кіраўнік раёна У. П. Даніленка. Як ён зазначыў, многае зроблена ў раёне, але не ўсё, што планавалася. Але той факт, што расцілі хлеб, вучылі дзяцей, аказвалі дапамогу састарэлым і нямоглым і г.д., сведчыць пра мэтанакіраванасць праводзімай палітыкі ў раёне, дзе прыярытэтам быў і застаецца чалавек са сваімі патрэбамі і праблемамі. Дэталёвым чынам была прааналізавана і сельскагаспадарчая галіна з вынікаючымі задачамі на бягучы год. Урокі мінулага года павінны стаць асновай для эфектыўнай працы ў бягучым годзе для ўсяго народна-гаспадарчага комплексу раёна – такім чынам закончыў сваё выступленне кіраўнік раёна. І яно зразумела. Бо каб рухацца наперад, патрэбна аналізаваць і працаваць над памылкамі.
В. УЛАДЗІМІРАВА

Добавить комментарий