Дапаўняюць адзін аднаго

IMG_0527
Здаецца лагічным, калі дзеці працягваюць справу сваіх бацькоў, ідучы па тым жа шляху. Але калі гэты шлях – настаўніцтва, з характэрнымі гэтай прафесіі цяжкасцямі, так бы мовіць, грамадскімі нагрузкамі, думаеш, што не кожны пойдзе па ім. Але ёсць яшчэ маладыя людзі, якія апантаныя мірам настаўніцтва, жаданнем перадаваць свае веды вучням, імкнуцца захапіць іх прагай да ведаў.
Сям’я Аляксандра Сяргеевіча і Марыны Віктараўны СЦЯПАНАВЫХ яскравы таму прыклад, які мае шмат узораў прывабнасці прафесіі настаўнік. Бо бацькі, дзядзька з цёткай, бабуля таксама колісь справай жыцця абралі педагогіку. Таму пасля адзінаццатага класа Гіжэнкаўскай СШ паступаць Аляксандр вырашыў менавіта ў педагагічную ВНУ. Паспяхова вытрымаўшы ўступныя выпрабаванні, быў залічаны на першы курс фізмата Магілёўскага педуніверсітэта.
Марына, чыя маці таксама настаўніца, выбар свой зрабіла безапеляцыйна – толькі ў педагогіку. Той жа ўніверсітэт займеў у якасці першакурсніцы фізмата энергічную і няўрымслівую дзяўчыну з Хоцімска. Дададзім, што яе арганізацыйныя здольнасці, самадысцыпліна і разумны перфекцыянізм зрабілі дзяўчыну старастай групы, у якой, воляй лёсу, апынуўся і Аляксандр.
Сімпатыя ў Аляксандра ўспыхнула адразу. Але сціплы і памяркоўны юнак не адразу вырашыў адкрыцца перад актывісткай і выдатніцай Марынай. Тым не менш, знайшліся абставіны, патрэбныя словы, і, як аказалася, сімпатыя была ўзаемнай. І ўжо на пятым курсе каханне было вырашана больш не выпрабоўваць на моц. Студэнты пажаніліся.
І вось ужо маладымі спецыялістамі Аляксандр і Марына прыехалі ў Слаўгарад, вытрымаўшы перад гэтым адміністратыўныя цяжкасці. Але, як кажуць, перамагае заўсёды каханне.
Было так і ў Сцяпанавых. З 2007 года маладыя настаўнікі выкладаюць фізіку і матэматыку. Аляксандр Сяргеевіч у Гіжэнкаўскай СШ, а Марына Віктараўна — у Целяшэускай школе.
У 2009 годзе ў сям’ю Сцяпанавых прыйшло бацькоўскае шчасце: нарадзілася дачушка. Імя вырашылі даць Арына.
—Педагагічная адукацыя, — прызнаюцца бацькі, — нам дапамагае ў выхаванні дачушкі. Але мы не імкнёмся зрабіць Арыну прыхільніцай “точных” навук. Няхай сама вырашае, да чаго схіляцца. Але калі абярэ ў будучым прафесію педагога, пярэчыць не будзем. Няхай працягвае нашу дынастыю настаўнікаў.
Марына Віктараўна захапляецца фатаграфіяй. Любіць убачыць у звычайных, на першы погляд, рэчах прыгожае і зафіксаваць гэта “цыфрай”. Калі маецца вольны час – у сусветнай павуціне не супраць паблукаць. Шмат карыснага тут, нягледзячы ні на што, прапануе Інтэрнет. Галоўнае – навучыцца браць з яго канструктыўнае і карыснае.
Аляксандр Сяргеевіч любіць гульневыя віды спорту. З захапленнем можа назіраць гадзінамі за футбольнымі, хакейнымі баталіямі.
Сакрэтаў у Сцяпанавых няма. У чырвоны вугал моцнай сям’і яны ставяць каханне. Менавіта на гэтым цэментуючым базісе і ўзнікаюць узаемапавага, цярпімасць адзін да другога, жаданне дапамагчы, падтрымаць.
Згадзіцеся, нічога, на першы погляд, новага. Тым не менш, сёння не ў кожнай маладой сям’і гэтыя жыццёвыя каштоўнасці ў прыярытэце.
А ў Сцяпанавых яшчэ вялікі рэсурс. І выкарыстоўваць яго мяркуюць доўгія-доўгія гады.
Сёння, дарэчы, Аляксандр Сяргеевіч адзначае дзень нараджэння. Марына Віктараўна, упэўнены, у гэты дзень парадуе сям’ю самапечанай смакатою. Віншуем галаву сям’і. Зычым яму і яго сям’і даўгалецця, шчасця і бясконцага кахання.
Тэкст і фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий