Лідыруюць – Хлопчыкі

Першы вясновы месяц у дэмаграфічным аспекце парадаваў – 16 нованароджаных у раёне. Праўда, па-ранейшаму па нараджальнасці лідыруе горад – 10 немаўлятак, але і вёска пакрысе набірае тэмпы, што не можа не радаваць. Прыемна, што з 16 нованароджаных — 11 хлопчыкі. Ніякім чынам не прыніжаем значнасць дзяўчынак, але ж хочацца, каб з цягам часу ў іх быў выбар, чаго не маюць зараз дзяўчаты.
Дзяўчынак бацькі назвалі такімі імёнамі — Вера, Раіса, Крысціна, Сафія, Аляксандра; хлопчыкаў – Арцём, Ягор, Нікіта, Аляксандр, Арсеній, Яўген, Іван. Шчыра віншуем сем’і, дзе з Боскай пяшчоты нарадзіліся дзеці, і жадаем усім моцнага здароўя, цудоўнага настрою на кожны дзень.
З разраду прыемных і такая інфармацыя: у сакавіку зарэгістравана 17 шлюбаў, з іх 13 – у горадзе.
Віншуем з такой значымай падзеяй у жыцці і жадаем сямейнай моцы, кахання і ўзаемапавагі.
Жыццё не бывае без скрушнай статыстыкі. Яна такая: 24 нашыя землякі пакінулі гэты свет, з іх 14 чалавек — гараджане. Прыміце шчырыя спачуванні і словы падтрымкі ў такі складаны для вас час. Малітва за нябожчыкаў і падтрымка сяброў – найлепшы эліксір у такія скрушныя і балючыя дні. Трымайцеся!
За тры месяцы бягучага года склалася такая дэмаграфія: нарадзілася 44 дзіцяці (у мінулым годзе за аналагічны перыяд – 39), зарэгістравана шлюбаў – 59 (у мінулым годзе за гэты перыяд – 15); памерла – 49 чалавек (у мінулым годзе за 3 месяцы – 50 чалавек); устаноўлена бацькоўства ў адносінах 28 дзяцей (за аналагічны перыяд 2012 года – 7).
Вось такім быў сакавік у дэмаграфічным аспекце, якім будзе красавік – прачытаеце напачатку мая ў сваёй раёнцы. Няхай шчасціць усім вам, няхай вашы дзеці растуць здаровымі, няхай дастатак будзе ў вашым доме.
Н. СВІРЫДЗЕНКА,
начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама.
Апрацавала
В. ПРОНІНА.

Добавить комментарий