Запрашаючы на сырны фэст…

21 красавіка ў нашым раёне пройдзе другі фэст “Гаспадарчы сыр”. Месца правядзення – тое ж, а вось з праграмай мерапрыемства арганізатары адпрацоўваюць па-максімуму.
Напярэдадні свята гаспадарнікаў мы вырашылі пацікавіцца, што новага плануецца задзейнічаць на фэсце? – З такім пытаннем мы звярнуліся да Т. А. ВОЛЬСКАЙ, дырэктара мясцовага фонда “Адраджэнне-агра”, аднаго з арганізатараў фэсту.
—З першага фестывалю традыцый і рамёстваў “Гаспадарчы сыр” мінуў год. Гэтая падзея выклікала вялікі інтарэс у спажыўцоў і розных СМІ, што дазволіла данесці пра фэст лічы ва ўсе куткі краіны. І вось чаму. Сёння кожны з нас сочыць за сваім здароўем і, адпаведна, здаровым харчаваннем. А нашы сыры – гэта прадукцыя, як зараз кажуць, без “хіміі” і розных фарбавальнікаў. З-пад уласнай кароўкі і робіцца сыр з улікам спажыўца. Таму сыры купляюць і жыхары Магілёва, Мінска, не кажучы пра мясцовых пакупнікоў. Нават і такая форма як заказы прыжываецца ў асяродку сыраробаў. Немалаважным, на мой погляд, з’яўляецца і тое, што Слаўгарадчына можа займець свой брэнд, які дазволіць прыцягнуць увагу інвестараў і турыстаў. Бо пачаставацца сырамі, вырабленымі па старынных рэцэптах – гэта найлепшая асалода і крута, выкарыстоўваючы моладзевы слэнг.
Менавіта праз такія мерапрыемствы мы прапагандуем дабрабыт, які толькі праз працу і пры тым шчырую, магчымы. Як і тое, што людзей, якія займаюцца падсобнай гаспадаркай, трэба ўсяляк падтрымліваць. Як увагай да яго праблем, так і канкрэтнай – кармамі, пашай і г.д.
Зазначу і такую адметнасць: да нас прыедуць госці з іншых раёнаў. Так што нам усім трэба папрацаваць, каб і чарговы фэст прайшоў на высокім узроўні. А яно так і будзе, сумненняў няма, бо купіць, пабачыць, пачуць і адчуць гонар за працавітых і руплівых на фэсце будзе ўдосталь. Таму скарыстайце гэтую магчымасць. Мы чакаем усіх на сырным фэсце, які пройдзе 21 красавіка на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ.
Запісала В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий