Шанц паступіць ёсць, было б жаданне прысвяціць сябе працы на зямлі

Перад тым як распачаць размову на прадмет кадравага патэнцыялу раёна, не прамінём адзначыць, што ўчора ў школах раёна прагучаў “апошні званок”. Для большасці вучняў ён прасігналіў пра летні адпачынак, для выпускнікоў — пра адказную пару: выбар прафесійнага шляху. І хаця, відаць, многія ўжо вызначыліся з выбарам навучальнай установы, усё ж раім дачытаць да канца наша інтэрв’ю з галоўным спецыялістам па кадрах райсельгасхарчу Л. А. ШУРЫГІНАЙ. І вось чаму…
—Лілія Аляксееўна, наш раён сельскагаспадарчы. Адпаведна і кадры для працы ў сельскай гаспадарцы дамінуюць па сваёй значнасці. Як вядома, кадравы голад і ў гэтай галіне народнай гаспадаркі мае месца быць. Ці не так?
—Так. Сёння востра запатрабаваны такія спецыялісты як ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, інжынеры і аграномы. Таму хачу звярнуць увагу выпускнікоў школ на тое, каб паступалі ў навучальныя ўстановы сельгаснакірунку.
—Якія непасрэдна і ці ёсць шанц туды паступіць?
—Шанц паступіць ёсць, бо мы выдаём выпускнікам, якія вырашылі туды паступаць, мэтавыя накіраванні, што з’яўляецца неблагім бонусам пры конкурсным адборы.
І вось у якія навучальныя ўстановы: Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасцях: “ветэрынарная медыцына”, “заатэхнія”; Горацкая сельгасакадэмія па спецыяльнасцях: “агранамія”, “заатэхнія”, “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці”; Клімавіцкі аграрны каледж па спецыяльнасцях: “заатэхнія” і “ветэрынарная медыцына”; Жыліцкі сельгаскаледж па спецыяльнасці “агранамія”; Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “тэхнічнае і энергетычнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці”.
Звярніце ўвагу і на такую немалаважную фінансавую складаемую: пры паступленні ў вышэйназваныя навучальныя ўстановы на вострадэфіцытныя спецыяльнасці ў вас ёсць шанц мець дадаткова да стыпендыі выплаты ад сельгасарганізацый, з якімі вы заключаеце мэтавы дагавор. Выплаты тыя складаюць ад трох да пяці базавых велічынь (на сёння базавая велічыня складае 100 тыс. рублёў).
—Лілія Аляксееўна, давайце назавём тэрміны, да якіх трэба звярнуцца за мэтавым накіраваннем да Вас непасрэдна?
—На дзённую форму навучання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы – да 25 ліпеня. Да гэтай даты трэба падаць дакументы ў навучальныя ўстановы. Уступныя экзамены праходзяць з 26 па 30 ліпеня, залічэнне – 1 жніўня. У сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы: на базе 9 класаў па 29 ліпеня; на базе 11 класаў — па 8 жніўня; на базе прафесійна-тэхнічнага навучання — па 20 ліпеня. Тэрміны ўступных экзаменаў: на базе 9 класаў — з 30 ліпеня па 8 жніўня; на базе 11 класаў – з 9 па 11 жніўня; на базе прафесійна-тэхнічнага навучання – з 21 па 22 ліпеня. Залічэнне адбываецца 13 і 25 ліпеня адпаведна.
—Давайце зірнём на некалькі год наперад, калі хлопцы і дзяўчаты пасля вучобы прыйдуць на працу ў гаспадаркі, з якімі заключылі пагадненне. На што могуць разлічваць?
—Па-першае, гаспадарка абавязана забяспечыць маладога спецыяліста працай у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, жыллём і стварыць належныя ўмовы для таго, каб гэты спецыяліст не толькі адпрацаваў адведзены тэрмін, а і застаўся там працаваць. У першыя два гады маладыя спецыялісты штомесяц атрымоўваюць даплату ў памеры тарыфнай стаўкі першага разрада. Дадам, што кожная гаспадарка ў калектыўным дагаворы прадугледжвае шэраг выплат і льгот для маладых спецыялістаў. Дарэчы будзе сказаць: малады чалавек пасля студэнцкай скамейкі, у якога ў планах узяцца за працу як след, не застанецца без увагі з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Найперш фінансава, нямалаважна, што і ў кар’ерным росце. Усё, як кажуць, залежыць ад самога чалавека і ягоных прафесійных амбіцый.
—Лілія Аляксееўна, гэта будзе потым. А сёння многіх з рабят, упэўнена, цікавіць і такая акалічнасць: ці ёсць шанц паступіць?
—Адназначна на гэтае пытанне не адкажу. Але ж прахадны бал, напрыклад, у Віцебскую ветэрынарную акадэмію ў мінулым годзе быў ад 94 да 134. Думаю, што для тых, хто вызначыўся з выбарам прафесіі, звязанай з сельскай гаспадаркай, можна скарыстаць і завочную форму навучання. З 1 па 30 лістапада прымаюцца дакументы, экзамены – з 1 па 20 снежня. Так што гэта таксама шанц.
—Напрыканцы размовы давайце закранём тэму ўмоў працы на сучаснай ферме…
—Як ведаеце, у нашым раёне будуецца 8 малочнатаварных комплексаў, дзе ўсё будзе камп’ютарызавана. І працаваць там павінны высокакваліфікаваныя кадры, якія рыхтуюць навучальныя ўстановы сельгаснакірунку. Сёння і тэхніка, якая працуе на палетках, абсталявана такім чынам, што пыл і духата ў кабінах – учарашні дзень. Таму маладым дзяўчатам і юнакам, якім падабаецца праца на зямлі, з жывёлай, раіла б стаць дыпланаванымі спецыялістамі. Год ад году ў сельгасарганізацыях расце заробак, адбываецца тэхнічная мадэрнізацыя, паляпшаюцца ўмовы працы і г.д. Так што дывідэнды навідавоку і яны на карысць таго, каб сваю энергію накіраваць на заможнасць вёскі і, адпаведна, асабістую. Калі вас зацікавіла наша прапанова, прыходзьце за накіраваннем у кабінет №47 райвыканкама. Можна папярэдне патэлефанаваць па нумару 2-51-37 або на мабільны 147-74-16 (Velcom), каб узгадніць нейкія пытанні адносна паступлення. Прыходзьце, тэлефануйце. Мы будзем радыя кожнаму з вас, хто вырашыў паступаць на вучобу ў сельгасустановы.
—Дзякуй, Лілія Аляксееўна, за такую шчырую агітацыю. Яна не галаслоўная, а падмацаваная пераўтварэннямі, якія адбываюцца ў сельгасгаліне на працягу апошніх год. І хочацца верыць, што выпускнікі школ скарыстаюць шанц, які ім даецца, каб стаць высокаадукаванымі спецыялістамі, патрэбу ў якіх вельмі адчуваюць сельгасарганізацыі нашага раёна.
Правяла В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.
IMG_4308

Добавить комментарий