ЦУДАТВОРЦА ЛУКА

Імя святога архіепіскапа Лукі (Война-Ясянецкага) вядома сёння ва ўсім свеце. Яго род паходзіў з Беларусі, сам ён нарадзіўся на сучаснай Украіне, жыў і працаваў у Расіі, Сярэдняй Азіі. Апошнія гады жыцця правёў у Крыме, дзе і пахаваны. Праслаўлены Царквою ў ліку святых, архіепіскап Лука шануецца як ацаляльнік розных хвароб, цудатворца, не толькі ў краінах СНД, але і ў Грэцыі, Аўстраліі, Амерыцы. На наступным тыдні, 11 чэрвеня, дзень памяці святога. У сувязі з гэтым хочацца ўзгадаць пра гэтага незвычайнага чалавека, тым больш што ягоныя родзічы некалі жылі на тэрыторыі нашага раёна.
Шляхецкі род Война-Ясянецкіх – адзін са старажытных на Беларусі, найперш вядомы на Навагрудчыне і Піншчыне. Прадстаўнікі роду адрозніваліся спагадай да людзей, чэснасцю і справядлівасцю, ніколі не ішлі да мэты, як кажуць, па галовах людзей, таму паступова збяднелі і перасяліліся на Магілёўшчыну. Стаўшы католікамі ў XVII стагоддзі, многія Война-Ясянецкія вярнуліся да праваслаўя на пачатку ХХ стагоддзя. На Прапойшчыне, каля сяла Кульшычы, прадстаўнікі роду Война-Ясянецкіх мелі невялічкі маёнтачак. Пасля адмены прыгону ўладальніца маёнтка пані Луцэя перадала прыгонным сялянам зямлю за сімвалічную плату і пры гэтым выдзеліла ім не горшыя землі, а роўныя ўчасткі па справядлівасці. Аб гэтым гаварыла ўся Прапойшчына, бо іншыя паны рабілі інакш, выдзяляючы сялянам няўдобіцу, пяскі і балоцвіны.
Будучы свяціцель Лука (свецкае імя – Валянцін Феліксавіч) нарадзіўся ў 1877 годзе. У юнацтве ён захапляўся жывапісам, але пазней вырашыў стаць лекарам. Скончыўшы медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, Война-Ясянецкі зрабіўся доктарам земскай бальніцы. Хутка ён стаў вядомы як выдатны спецыяліст-хірург, які здзяйсняў найскладанейшыя аперацыі і дасягаў выключных поспехаў. Пасля рэвалюцыі доктар пераехаў у Ташкент, дзе працаваў прафесарам універсітэта і займаўся доктарскай практыкай. Война-Ясянецкі быў глыбока веруючым чалавекам, ён маліўся перад кожнай аперацыяй, а ў бальніцы змясціў вялікую ікону. У 1920-я гады, калі многія пачалі адыходзіць ад веры і зневажаць яе, Война-Ясянецкі сваім прыкладам і аўтарытэтам падтрымліваў хрысціян і сарамаціў дзікуноў-бязбожнікаў. Хутка прафесар медыцыны стаў святаром, а потым быў абраны веруючымі на высокую пасаду епіскапа Ташкенцкага і Сярэднеазіяцкага, з імем Лука. У 1930-я гады, на хвалі барацьбы з Царквою, епіскап Лука быў арыштаваны і сасланы. Шмат гадоў ён правёў на Поўначы і ў Сібіры. Ад смерці яго пазбавіла шырокая вядомасць у медыцынскім свеце. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ссыльны епіскап Лука прапанаваў выкарыстаць яго вопыт для лячэння параненых салдат. Так ён стаў галоўным хірургам Краснаярскага эвакуацыйнага шпіталя, дзе здолеў выратаваць жыцці тысяч воінаў. Война-Ясянецкі напісаў кнігу “Нарысы гнойнай хірургіі”, якая стала падручнікам для хірургаў, а яе аўтар удастоены Сталінскай прэміі.
У 1943 годзе архіепіскап Лука быў адпушчаны са ссылкі і прыступіў да царкоўнага служэння, адначасова застаючыся хірургам. Так і да смерці ён не пакідаў лекарскай практыкі, і хаця ад напружанай працы страціў зрок, заўсёды запрашаўся спецыялістамі на кансіліўмы, дзе даваў найлепшыя парады і, невідушчы, рабіў дакладныя дыягназы. Памёр свяціцель Лука ў 1961 годзе ў Сімферопалі. Рэабілітаваны быў пасмяротна толькі на пачатку 1990-х гадоў. У 1996 годзе праслаўлены ў ліку святых.
Аб многіх цудоўных выпадках ацаленняў па малітвах да святога Лукі шырока паведамляецца ў СМІ, асабліва па тэлебачанні. І мы, слаўгарадцы, як землякі роду Война-Ясянецкіх, не пазбаўлены дапамогі гэтага ўгодніка Божага.
Протаіерэй Георгій САКАЛОЎ,
кандыдат багаслоўя,
настаяцель прыхода
в. Лясная.

Добавить комментарий