У раёне сфарміравана 12 моладзевых камбайнавых экіпажаў, якія заняты на ўборцы хлеба новага ўраджаю, што на тры экіпажы болей, чым у мінулым годзе. Тры з іх – у СВК “Лясная”. Кожны з іх, як зазначыла кіраўніцтва гаспадаркі, правераныя працай, а значыць на роўных вядзе ўборку са старэйшымі і вопытнымі.
Экіпаж АФАНАСЬЕВЫХ сустрэлі якраз у той час, калі яны рухаліся па вёсцы на іншае поле. Экіпаж малады як у сэнсе ўзросту, так і сямейнага дуэта. Васіль і Дар’я толькі ў сакавіку адсвяткавалі сваё вяселле. Сямейнаму саюзу, так бы мовіць, яшчэ толькі лічаныя месяцы, а вось працавітая жылка, відаць, у крыві кожнага з маленства. Бо падыход да жыцця ў абодвух трывалы, разлічаны на ўласныя сілы.
Васіль Аляксандравіч родам з Круглянскага раёна, пры заканчэнні сельгасакадэміі ў Горках трапіў па размеркаванню ў “Лясную”, дзе ўжо 2 гады працуе загадчыкам мехмайстэрні. На час уборачнай кампаніі перасеў на камбайн, а памочнікам да яго пайшла ягоная жонка Дарья, студэнтка 4-га курса Горацкай акадэміі, жыхарка горада Магілёў. Праз год яна стане дыпламаваным эканамістам.
На іхнім рахунку на ўчарашні дзень было 187 тон намалочанага зерня і 69 тон рапса. Уборачная страда набірае абароты. І сямейны дуэт Афанасьевых імкнецца павялічыць намалоты. І рухае імі і матэрыяльны бок справы – маладым патрэбна думаць пра будучае. Жытло гаспадарка выдзеліла маладому спецыялісту. А ці прыедзе сюды пасля заканчэння вучобы Дар’я, пакажа час. Як зазначылі Афанасьевы, пры такой арганізацыі працы, калі не думаеш пра харчаванне, ёсць і стымулы працы, то грэх не працаваць на ўсе “сто”.
* * *
Дзе працуюць браты ФІЛІПЕНКІ? – запыталіся ў канторы гаспадаркі. – А вы едзьце на Жалезінку, там яны і працуюць.
Праехалі лічы да самай вёскі, каб дабрацца да поля. Тры камбайны – адзін за адным – рухаюцца па хлебнаму палетку. Уражанне – не перадаць. На размовы і фотаздымак – лічаныя хвіліны. Бачна, што Віталь Міхайлавіч, старшы камбайнер, і ягоны памочнік дваюродны брат Ігар Алегавіч не хочуць губляць тэмпа, які ўзялі іхнія калегі па ўборцы. Ужо не першая ўборачная на рахунку камбайнавага экіпажа, але кожная, як зазначаюць, як першая па адказнасці і жаданню намалаціць як мага больш. Камбайну, на якім робяць, 5 год, але пры тэхнічным доглядзе, які штодня механізатары наладжваюць перад выездам у поле, “хлебны карабель” не падводзіць. На рахунак экіпажа Філіпенкаў на ўчарашні дзень залічана 308 тон зерня, а таксама 82 тоны рапса. Паказчык лепшы сярод моладзевых экіпажаў гаспадаркі.
Усяго на некалькі тон адстае ад іх зернеўборачны экіпаж ЯНЧАНКІ Дзмітрыя Іванавіча. Разам са сваім памочнікам Эдуардам Казловым намалацілі на гэтую ж дату 264 тоны хлеба. У Дзмітрыя гэта ўжо 5-ая ўборачная кампанія. Але, як зазначыў, хвалявання ад гэтага менш не стала. Ягоны КЗС-10 не падводзіць ужо на працягу 5-ці год эксплуатацыі. І ўсё таму, што сваечасова падкручана-падмазана і з любоўю эксплуатуецца. Па разліках старшага камбайнера, у экіпажа ёсць магчымасць няблага зарабіць, бо з вагаў не скідваецца жаданне гэтага дамогчыся. “Ні хвіліны прастою” – такі дэвіз ва ўсіх экіпажаў і ў прыватнасці экіпажа Янчанкі.
Гэтае разуменне рухала і намі, таму размоў было па-мінімуму, а вось пажаданняў намалаціць як мага болей – у нас было па-максімуму.
В.ПРОНІНА.
Фота аўтара

Добавить комментарий