Чысты струмень духоўнасці

Традыцыйнае свята Крыжа Гасподня і мучанікаў Макавеяў 13-14 жніўня збярэ да нашай “Блакітнай крыніцы” тысячы жыхароў Магілёўшчыны і паломнікаў з іншых рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. Сёлетняя ўрачыстасць набывае асаблівае гучанне з нагоды юбілею 1025-годдзя Хрышчэння Русі, на вышэйшым узроўні адзначаемага хрысціянскай супольнасцю свету. У сувязі з гэтым і напярэдадні свята ля “Блакітнай крыніцы” мы звярнуліся з пытаннямі да настаяцеля прыхода Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка в. Лясная, кандыдата багаслоўя протаіерэя Георгія САКАЛОВА, які духоўна апякуецца святыняю Прысожжа.
— Айцец Георгій, чаму сёння такая ўвага надаецца падзеі 988 года, калі кіеўскі князь Уладзімір пачаў хрысціянізацыю Русі?
— Гісторыя аб тым, як вялікі князь Уладзімір Святаславіч, расчараваўшыся ў язычніцтве, стаў хрысціянінам, а потым хрысціў Кіеўскую Русь, шырока вядомая многім яшчэ са школьных гадоў. Сапраўды, гэта быў не проста асабісты крок чалавека, але вызначальны выбар, дзякуючы якому да сённяшняга дня існуе самабытная ўсходнеславянская цывілізацыя. Хрысціянская вера і духоўна-культурная традыцыя пасля 988 года сталі моцным стрыжнем гістарычнага развіцця народаў, у тым ліку сучасных беларусаў. І сёння гэтае духоўнае адзінства аб”ядноўвае мільёны людзей, прычым на падмурку павагі, дабразычлівасці, спагады і падтрымкі. Мяркую, гэтым тлумачыцца такі шырокі рэзананс юбілею, не толькі царкоўнага па сваёй сутнасці.
— Многія, назіраючы за штодзённым жыццём, з недаверам адносяцца да тых, хто кардынальна мяняе свае погляды. Няўжо магчымыя падобныя перамены, якія адбыліся некалі з князем Уладзімірам?
— Сапраўды, нярэдка можна адчуць недаверлівае стаўленне да чалавека, калі ён зрабіўся іншым. Мне колькі разоў прыходзілася выслухоўваць: “Паглядзіце, вось той некалі быў заўзятым бязбожнікам, нават ганіцелем вернікаў, а зараз ходзіць у царкву, свечкі ставіць, моліцца…” Падобныя заўвагі маюць падтэкст, нібыта сённяшнія (у духоўна-маральным плане – лепшыя!) паводзіны чалавека не выказваюць яго ўнутраную сутнасць, як быццам яны фальшывыя, прыстасаваныя. Я думаю, што гэта не так.
Высокая годнасць і прызначэнне чалавека ў тым, што кожны з нас можа духоўна перарадзіцца, зразумець усю глыбіню сваё душэўнай спустошанасці, нават нікчэмнасці, і паступова ісці да лепшага, не дэградаваць, а ўдасканальвацца. Так адбылося са святым апосталам Паўлам. Такім быў жыццёвы шлях святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Язычніцкі перыяд жыцця кіеўскага князя вызначаецца страшэннымі грахамі. Ён некалі быў помслівым чалавекам, забойцам (забіў роднага брата, потым полацкага князя Рагвалода, каб ажаніцца з Рагнедай). Прыносячы ахвяры язычніцкім ідалам, князь не спыняўся перад рытуальным забойствам людзей, і нават дзяцей. Можна сказаць, што князь Уладзімір язычнікам у духоўным плане быў на самай глыбіні пекла. І дзякуючы хрышчэнню ён здолеў узняцца да вышынь святасці, наблізіцца да Бога. Як хрысціянін князь Уладзімір вядомы сваім клопатам не толькі пра сябе і блізкіх, але ўвагаю і міласэрнасцю да ўсіх людзей. Невыпадкова народ з любоўю назваў князя “Чырвоным Сонейкам”. Такую высокую ацэнку ён атрымаў толькі дзякуючы духоўнаму перараджэнню.
— Згодна з паданнем, на нашай “Блакітнай крыніцы” адбылося хрышчэнне радзімічаў. Менавіта з гэтам звязана паломніцтва да яе на свята “Макаўе” 14 жніўня?
— Так. Царкоўны каляндар адзначае 14-га (па старым стылі 1-га) жніўня некалькі падзей, але адна з іх – гістарычная дата Хрышчэння Русі. Радзімічы, калі былі язычнікамі, абагаўлялі сілы прыроды і асабліва ўшаноўвалі крыніцы. На “Сінім калодзежы” (“Блакітнай крыніцы”) яны прынялі хрышчэнне. З таго часу святыня шануецца нашчадкамі радзімічаў. Крыніца вядомая на значнай тэрыторыі, і растлумачыць гэта рацыянальна не ўдасца. Толькі прызнаючы за паломніцтвам да святой крыніцы духоўную сутнасць, мы набліжаемся да ўсведамлення феномена, чаму гэтая мясціна штогод прыцягвае людзей. Так было заўжды, нават у самыя змрочныя часы ваяўнічага бязбожжа і ганенняў на вернікаў.
— Вы не адзін год бываеце каля святыні, здзяйсняючы набажэнства. Што назіраеце зараз, у параўнанні з іншымі часамі?
— У часы майго юнацтва паломніцтва да крыніцы адбывалася неафіцыйна, таемна. Многія прыходзілі позна ўвечары, маліліся, потым ішлі начаваць у вёску Кліны. Раніцай, яшчэ да сонца, на самым золку зноў маліліся (святары ў 1970-я гады не маглі прыходзіць да крыніцы), набіралі вады, акуналіся ў ручаіне. Традыцыя не перарывалася ніколі. У 1989 годзе вернікі змаглі аднавіць крыж, праз некалькі гадоў адбудавалі капліцу. Зараз у ёй адбываецца богаслужэнне, і самае галоўнае – святочная літургія. Многія спавядаюцца, прычашчаюцца. Абавязкова бывае хрышчэнне. Можна сказаць, што зараз святкаванне мае гістарычна і традыцыйна вызначаны духоўны характар. Мяне гэта вельмі радуе. Канешне, сустракаюцца праявы, якія патрабуюць выпраўлення. Не ўсе наведвальнікі святога месца маюць належные духоўнае і культурнае развіццё, не ўсе маюць элементарную выхаванасць. Але гэта справа доўгага часу. Галоўнае, што мы рухаемся ў лепшы бок. А ў жыцці, як і ў ручаіне: па цэнтры імклівы чысты струмень вады, а збоку, ля берагоў, сустракаецца каламуць і бруд. Але ручаіна імкне наперад, несучы жыватворную ваду…
А яшчэ мяне цешыць, што ля нашай “Блакітнай крыніцы” захавалася старажытная традыцыя спявання духоўных песень (псальмаў). У іншых рэгіёнах гэта ўжо знікла. Слаўгарадчына не згубіла адной з глыбінных праяў духоўнага жыцця нашых продкаў. Спадзяюся, што спяванне набожных народных песень ля крыніцы стане адной з тых самабытных адметнасцей, які прыцягне ў Прысожскі край людзей да жыватворнай крыніцы. Каб адчуць повязь часоў, дакрануцца да тысячагадовай гісторыі і перадаць лепшае сваім нашчадкам.
Гутарыла В.У. Езерская.

Добавить комментарий