З увагай да іх праблем

3 снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень інвалідаў. Дарэчы будзе сказаць, што ён яшчэ пазначаны як Міжнародны дзень інвалідаў. Апошняе сведчыць пра тое, што ва ўсім свеце катэгорыя людзей з фізічнымі адхіленнямі патрабуе пільнай увагі да іхніх праблем. А што праблем у іх хапае, гаварыць не прыходзіцца. Бо ўсё ім даецца праз вялікі фізічны цяжар. Пачынаючы з элементарнага — абслугоўвання сваіх жыццёвых патрэб.
Наколькі сфера сацыяльнага абслугоўвання на пульсе трымае руку дапамогі інвалідам — пра гэта і іншае мы вырашылі пагаварыць з дырэктарам раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва М. Э. ЕЗЕРСКАЙ.
—Марына Эршатаўна, колькі пражывае сярод жыхароў раёна інвалідаў?
—Па стану на 1 лістапада бягучага года ў раёне пражывае 777 інвалідаў. З іх інвалідаў вайны 8 чалавек, інвалідаў першай групы — 102 чалавекі, другой групы — 409 чалавек, трэцяй групы дапенсійнага ўзроста — 177 чалавек, маладых інвалідаў — 63 чалавекі, інвалідаў, звязаных з чарнобыльскай катастрофай 2-3 груп — 31 чалавек, дзяцей-інвалідаў — 50.
—Атрымоўваецца, што кожны 19 жыхар раёна мае інваліднасць. А гэта, у сваю чаргу, сацыяльнай службе надае прасторы для дзейнасці, якая вымагае ад вашых работнікаў міласэрнасці і тактоўнасці. Ці не так?
—Канешне, з абыякавасцю да людзей у нашу сферу працаваць не ідуць. Таму и гавораць, што сацыяльны работнік — гэта асаблівая прафесія. Вы ж неаднойчы бывалі ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і бачылі, наколькі нашы выхавацелі, пачынаючы з загадчыцы Жаны Васільеўны Панасенка, атуляюць клопатам на першы погляд дарослых людзей, але ж у нейкай ступені яны да нас прыйшлі, лічы, дзецьмі. Бо многае ім з ліку элементарнага было ў цяжар. Сёння яны трэніруюцца на трэнажорах, мы навучылі іх гатаваць, карыстацца пральнай машынай, дый і ў творчым плане нашы выхаванцы паказваюць добрыя вынікі. Таму пацвярджэнне — выставы з падзелак. Сёння яны могуць і з аргтэхнікай працаваць, друкуючы розныя вырабы з паперы. Карацей кажучы, яны штодня ідуць да нас, каб быць на роўных з сябрамі і вучыцца жыццю.
—3 снежня — хутка. Якім чынам грамадскасць нашага раёна адрэагуе на гэтую дату?
—Стала добрай традыцыяй напярэдадні накіроўваць пісьмы ў арганізацыі, дзе працуюць або працавалі інваліды, дзе напамінаем, каб не забылі аказаць ім матэрыяльную дапамогу. Зазначу, што гэта дзейсная практыка. Для сябе намецілі дадатковае абследванне гэтай катэгорыі насельніцтва, каб “закрыць” іхнія праблемы . У гэты дзень мяркуем правесці “круглы стол”, дзе на пытанні інвалідаў адкажуць нашы спецыялісты. Плануем і спартыўную складаемую задзейнічаць, а таксама наладзіць выставы творчых работ дзяцей-інвалідаў і інвалідаў з дзяцінства і г.д.
—Цікава, наколькі ўстановы адукацыі і культуры з’яўляюцца вашымі партнёрамі пры гэтым?
—У нас у гэтым плане поўнае ўзаемаразуменне. У тыдні міласэрнасці, які праводзім напярэдадні, задзейнічаны валанцёры школ і ліцэя. У школах ладзяцца ўрокі міласэрнасці і пазакласныя мерапрыемствы , на якіх чырвонай ніткай праходзіць тэма міласэрнасці. Што датычыцца культурных работнікаў, то без іх ніводная сустрэча не праходзіць. Супрацоўнічаем мы і ў плане развіцця творчых здольнасцей нашых выхаванцаў.
— Напрыканцы што б Вы хацелі сказаць?
—Толькі тое, што грамадства ўжо не цураецца інвалідаў. Мы вучымся быць міласэрнымі і ў нас многае атрымоўваецца. Але ж яшчэ над многім яшчэ трэба працаваць, каб чалавек з фізічнымі адхіленнямі жыў паўнавартасным жыццём. Гэта ў нашай сіле, было б толькі жаданне.
Правяла В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий