Чалавечы фактар – адна з асноўных праблем і ў пажарнай бяспецы

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў сераду, дамінавала тэма пажарнай бяспекі ў раёне. Пасяджэнне праходзіла ў пашыраным фармаце. Адкрываючы нараду, кіраўнік раёна П. І. Найдзён звярнуў увагу на такую акалічнасць: за лічбамі зніжэння пажараў і гібелі на іх людзей па мінуламу году хаваецца шмат праблем, над ухіленнем якіх прадстаіць працаваць усім, хто нясе адказнасць за жыццядзейнасць людзей. Бо кожная гібель чалавека ў выніку пажара – гэта найперш недапрацоўка з боку суб’ектаў прафілактыкі, якія не дайшлі, іх не пачулі, яны не пракантралявалі.
У рабоце выканкама прымалі ўдзел: С. М. Парфёнаў, намеснік пракурора Магілёўскай вобласці і А. Ю Прагожын – начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь.
У мінулым годзе ў раёне адбылося 15 пажараў, на якіх загінулі 2 чалавекі. У параўнанні з 2012 годам гэта на 5 пажараў меней, але смяротнасць адзін да аднаго. Градацыя пажараў такая: 13 – у прыватным сектары, 2 – на прадпрыемствах АПК. Прычыны, па якіх загінулі людзі, да банальнага простыя – неасцярожнае абыходжанне з агнём. І справацыраваў гэткія адносіны алкагольны стан, калі чалавек сябе перастае кантраляваць.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Мурачоў прааналізаваў прычыны, па якіх адбыліся пажары. І чырвонай ніткай у дакладзе прайшла думка – чалавечы фактар, за якім стаяць абыякавасць і грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі. На жаль, ніяк не атрымоўваецца данесці такую элементарную і прапісную ісціну – беражонага і Бог засцерагае. Падрыхтуй як след сваё жытло да эксплуатацыі ў зімовы перыяд і захоўвай правілы пажарнай бяспекі і, як кажуць, жыві спакойна. На практыцы – іншае. Яно і аналізавалася ў дакладзе, у выступленнях начальнікаў аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама А. Л. Аўчыннікава, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. М. Шаўцовай, намесніка галоўнага ўрача райбальніцы У. У. Маркава, дырэктара УКП “Жылкамгас” С. В. Байкова. Як прагучала, разнастайныя формы работы па прапагандзе правілаў пажарнай бяспекі выкарыстоўваюцца ў падначаленых ім калектывах пакуль не даюць 100-працэнтнай выніковасці. Недахопы, адзначаныя ў дакладзе галоўнага пажарнага раёна і падмацаваныя слайдамі, сведчылі, што нават няўзброеным вокам бачна – працаваць ёсць над чым і пры тым неадкладна.
Выказалі сваю рэакцыю на недахопы, ускрытыя ў дакладзе, і прадстаўнікі абласных структур. Закранулі яны тэму выхавання падлеткаў. Раней было прамым абавязкам бацькоў вучыць з маленства сваіх дзяцей правілам пажарнай і дарожнай бяспекі і г.д. Сёння гэтая практыка не існуе. Усё перакладзена на школу, інстытуты прафілактыкі. А гэта не заўсёды спрацоўвае належным чынам. У выніку прытупляецца пільнасць, выпрацоўваюцца абыякавасць і грэбаванне правіламі бяспекі. Усё гэта ў сукупнасці нясе праблемы. І нездарма ў народзе кажуць: злодзей пасля сябе штось пакідае, пажар жа знішчае дашчэнту і, што самае страшнае, забірае жыцці людзей. Калі ж мы пачнем жыць па нормах і законах, якія дапамагаюць абараняць нас, наша жыццё? Няўжо трэба чакаць чарговай трагедыі, каб затым перахрысціцца?!
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий