Весткі з СВК “ПРЫВОЛЬНЫ”

IMG_5221

IMG_5224

IMG_5229
“У СВК “Прывольны”, — адзначае яго кіраўнік Т. Р. Кухарава, — працуюць людзі працавітыя, адказныя. Лайдакі дый п’яніцы ў нас не прыжываюцца. Таму тлумачэннем можа быць агульнае жаданне працаваць і зарабіць. І кожны спецыяліст гаспадаркі – гэта звяно аднаго ланцуга. Нехта большы вынік дэманструе, нехта пакуль раскрывае свой патэнцыял”.
Аператар машыннага даення Таццяна Іванаўна Аксёненка з тых, хто ўжо з’яўляецца “асам” у сваёй прафесіі.
Нарадзілася жанчына ў Ржаўцы. Пасля школы вучылася ў вучылішчы ў Гомелі. Вярнулася пасля яго заканчэння на малую радзіму. Лёсам было наканавана пазнаёміцца з маладым чалавекам, наладзіць адносіны. У хуткім часе Віталь Мікалаевіч прапанаваў Таццяне Іванаўне стаць ягонай жонкай. Так з’явілася новая сям’я, у якой, дарэчы, нарадзілася трое дзяцей. Двое старэйшых маюць ужо свае сем’і. Трэцяя – вучаніца мясцовай школы.
Таццяна Іванаўна з мужам носяць гордае званне — дзядуля з бабуляй. У іх трое ўнукаў. І калі наведваюць яны дом Аксёненкаў – там пануе настрой, гумар. А на стале заўсёды смаката, з любоўю прыгатаваная Таццянай Іванаўнай. Хапае сіл у жанчыны і на хатнюю гаспадарку. Памочнікам і надзейнай апорай яна называе мужа. Адзначае, што і на рабоце ён імкнецца дапамагчы. Балазе сам працуе ў “Прывольным”.
У статку, які даглядае Таццяна Іванаўна, 46 галоў. Надойвае больш за 21 літар ад кожнай каровы ў суткі. Робіць гэта якасна, прытрымліваючыся тэхналагічных патрабаванняў. І так на працягу 20 год.
—А ў вольную часіну, — зазначае жанчына, — якіх бывае вельмі мала, люблю цікавы фільм паглядзець. І каб сюжэт яго быў захапляючым.
Сярод мужчынскай часткі калектыва вызначаецца Вячаслаў Міхайлавіч Прусаў.
Скотнікам ён працуе ў “Прывольным” таксама не першы год.
Нарадзіўся ў Рагах. Пасля школы пайшоў служыць у армію. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся да бацькоў.
У 1987 годзе звязаў сваё жыццё з жанчынай, якая падарыла яму чатырох дзетак.
25 год Вячаслаў Міхайлавіч шчыруе ў гаспадарцы скотнікам. Яго рукі ведаюць цяжкую фізічную працу. А яе, паверце, на ферме хапае. “Працуем ва ўнісон з даяркамі. Імкнёмся, каб кароўкі і паелі своечасова, і ўтрымліваліся ў чысціні”, —кажа ён.
Выцягнуць, калі дазволіце так сказаць, інфармацыю з гэтага чалавека – справа складаная. Як адзначыла кіраўніцтва СВК, Вячаслаў Міхайлавіч з тых, хто мала размаўляе, а многа робіць. Дастаткова паглядзець як ён аздобіў тэрыторыю свайго домаўладання. Прыгажосць. На зайздрасць балбатунам, якія на язык вострыя, а на справу наадварот. Сціплы працавіты чалавек. Таму і да яго людзі ставяцца з павагай.
З маладога, але ўжо досыць вопытнага эшалона гаспадаркі Сяргей Мікалаевіч Данянкоў. Слясарная праца – з няпростых. Ад майстэрства яго рук залежыць зладжаная работа абсталявання на малочнатаварным комплексе. І па водгуках кіраўніцтва гаспадаркі, са сваёй работай Сяргей Мікалаевіч спраўляецца як след.
Працуе ў “Прывольным” ён каля васьмі гадоў. Да гэтага пасля школы вучыўся ў СПТВ-219. Потым служыў у арміі. Каханне таксама знайшло Сяргея. З жонкай разам яны ўжо 6 гадоў. Выхоўваюць дзвюх прыгажунь дачок. Старэйшай, Вікторыі, пяць годзікаў, малодшай, Ксюшы, у хуткім часе споўніцца чатыры. “Вольнага часу, — згаджаецца з папярэднімі нашымі суразмоўцамі,— зусім мала”. А калі і з’яўляецца, і калі па хатняй гаспадарцы ўсё дароблена, ідзе на возера. Рыбалка – тое, што дапамагае Сяргею Мікалаевічу адпачыць і набрацца новых сіл, каб зноў ісці і працаваць, зарабляць для сваіх дзяўчат, якія, дарэчы, у бацьку і мужы бачуць чалавека, з якім надзейна і бяспечна.
Рэзюмаваць вышэйсказанае хочацца такім чынам. Адсутнасць вольнага часу ў працаўнікоў гаспадаркі сведчыць аб тым, што работа тут кіпіць. І ў гэтым працэсе вышэйназваныя людзі, іх калегі — той “рухавік”, які дазваляе атрымліваць нам на стале хлеб, малако, мяса. Дзякуй за іх плённую працу.
Ул. РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий